Ва Ўкраіне рэвалюцыю 1917–1921 гадоў, якая прывяла да стварэньня Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (УНР), лічаць пачаткам фармаваньня дзяржаўнай незалежнасьці. Да 100-годзьдзя ўкраінскай рэвалюцыі прымеркаваны шэраг урачыстых імпрэз, якія на дзяржаўным узроўні сёлета праходзяць у Кіеве і іншых гарадах Украіны. Гісторыю ўраду і парлямэнту ва Ўкраіне адлічваюць менавіта з тых часоў.
У Беларусі спадчыну Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) улады на такім узроўні не прызнаюць.
Зрэшты, тагачасныя падзеі з аднолькавай мэтай — здабыць незалежнасьць — у Беларусі і ва Ўкраіне адбываліся паралельна, хаця і з розных стартавых пазыцый. Дэлегацыя ўкраінскай Цэнтральнай Рады брала ўдзел у берасьцейскіх мірных перамовах, якія павінны былі засьведчыць завяршэньне Першай усясьветнай вайны, і менавіта па іхных выніках УНР фактычна атрымала міжнароднае прызнаньне.
Рада БНР не была прадстаўленая на перамовах у Берасьці, таму вымушаная была пачынаць працэс міжнароднага прызнаньня постфактум. Паводле Берасьцейскага міру беларускія этнічныя землі, якія да Першай усясьветнай вайны ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, перадаваліся Нямеччыне і Аўстра-Вугоршчыне, якія павінны былі далей вырашаць іх лёс. Урад БНР назваў гэтае пагадненьне гвалтам «волі беларускага народу» і заявіў пра пачатак перамоў «з урадамі суседніх народаў адносна сваіх межаў і ўзаемных умоў жыцьця». І першым патэнцыйным хаўрусьнікам мелася стаць Украінская Народная Рэспубліка.
Якім быў першы досьвед беларуска-ўкраінскіх міждзяржаўных дачыненьняў на пачатку ХХ стагодзьдзя — Свабодзе расказаў украінскі гісторык, выкладчык катэдры гісторыі Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі Арцём Папакін.
Рэспублікі розныя — праблемы падобныя
— Спадар Арцём, тагачасныя падзеі для Беларусі і для Ўкраіны былі вельмі блізкія па зьмесьце, але такія розныя ў вымярэньні цяперашніх уладаў дзьвюх краін. Як гэта можна патлумачыць?
— Тут ёсьць некалькі бакоў, у тым ліку і фармальны — у 1992 годзе апошні прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі на выгнаньні Мікола Плаўюк перадаў свае паўнамоцтвы прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку, а ў Беларусі, наколькі я ведаю, дагэтуль урад БНР існуе на выгнаньні. Адпаведна, няма такой легітымнасьці. Зь іншага боку, у барацьбе Ўкраінскай Народнай Рэспублікі за незалежнасьць у 1917–1923 гадах было больш посьпехаў, чым, скажам, у БНР. Але ў абедзьвюх рэспубліках было вельмі шмат падобных праблем — частыя зьмены ўрадаў, непаразуменьні адносна зьнешняй палітыкі: на каго арыентавацца — на бальшавікоў і разам зь імі змагацца супраць Антанты і Польшчы, ці на Антанту і змагацца разам зь ёй супраць бальшавікоў. Такія рэчы мелі месца ва Ўкраіне, і ў Беларусі таксама існавалі розныя зьнешнепалітычныя арыенціры.
— Але тым ня менш узаемнае прызнаньне БНР ды УНР трэба лічыць фактычным ці афіцыйным?
— УНР была прызнаная як незалежная дзяржава толькі пасьля падпісаньня Берасьцейскага міру чатырма дзяржавамі, зь якімі яна падпісала гэты дакумэнт — Нямеччынай, Аўстра-Вугоршчынай, Асманскай імпэрыяй і Баўгарскім царствам. Вядома, былі спробы Ўкраіны ўсталяваць дыпляматычныя дачыненьні зь іншымі краінамі, у прыватнасьці, дзяржавамі Антанты, з нэўтральнымі краінамі падчас праўленьня Скарападзкага. Аднак яны не атрымалі такога афіцыйнага статусу. Мы гэтак жа ня можам сьцьвярджаць пра афіцыйнае прызнаньне БНР украінскім бокам і УНР — беларускім, таму што тады гэта таксама былі толькі спробы ўсталяваць дыпляматычныя адносіны. У нас працавалі часовыя місіі, беларускія консульствы ў Адэсе і Кіеве, існавала Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. Але ўсе гэтыя структуры паводле статусу былі трохі ніжэй, чым амбасада.
Украіна пасьля Берасьцейскага міру адчувала сябе, так бы мовіць, на кані, адчувала сваю перавагу і поўную падтрымку Нямеччыны, у меншай ступені Аўстра-Вугоршчыны, таму магла сабе дазволіць, прынамсі пакуль былі немцы ва Ўкраіне — да лістапада 1918 году, пагарджаць інтарэсамі іншых суседніх дзяржаў, у тым ліку Польшчы да Беларусі. Таму афіцыйнага прызнаньня БНР з боку Ўкраінскае Дзяржавы ўсё ж такі не было.
Найперш мяжа і прызнаньне
— Кантакты паміж БНР ды УНР былі скіраваныя на супрацу ці ўсё ж на прызнаньне? Якія пытаньні былі прыярытэтнымі?
— Кантакты былі ўсталяваныя пасьля абвяшчэньня БНР. У красавіку 1918 году ў Кіеве пачала працаваць беларуская дэлегацыя, якая займалася пытаньнямі тэрытарыяльнага разьмежаваньня Ўкраіны і Беларусі. Пытаньне было цяжкае, улічваючы, што пасьля таго, як немцы занялі тэрыторыю Ўкраіны і Беларусі, украінскі ўрад пачаў накіроўваць сваіх камісараў на спрэчныя землі. Вядома, Беларусь не магла на гэта пагадзіцца, і працягваліся перамовы — да канца красавіка, затым у траўні яны аднавіліся, але, на жаль, не прывялі да падпісаньня міжнароднага пагадненьня, якое б дакладна сьцьвярджала, што існуе пэўная дзяржаўная мяжа паміж УНР, а пазьней Украінскай Дзяржавай, і Беларускай Народнай Рэспублікай.
Яшчэ адным пытаньнем было гандлёвае супрацоўніцтва. Былі катэгорыі тавараў у Беларусі, якія патрабаваліся Ўкраіне, і наадварот — ва Ўкраіне, якія патрабаваліся Беларусі. Таму адбылася дамоўленасьць аб стварэньні гандлёвых палат — беларускай ва Ўкраіне і ўкраінскай у Беларусі, але пытаньне аб шырокім эканамічным супрацоўніцтве таксама не было вырашана. Зьнешнюю палітыку Беларусі і Ўкраіны кантралявалі немцы, адсочвалі ўсё і давалі пэўныя ўказаньні, якія тычылася таксама і эканомікі. Яны маглі, напрыклад, абмежаваць абмен пэўнымі відамі тавараў, у якіх былі зацікаўленыя самі. То бок і эканамічнай супрацы ў поўным аб’ёме паміж БНР ды УНР таксама не адбылося.
Галоўнае, на што разьлічвала БНР, — гэта міжнароднае прызнаньне з боку Ўкраіны. Калі б Украіна прызнала Беларусь, гэта дало б БНР магчымасьць разьвіваць далейшую дыпляматычную дзейнасьць, дало б ёй козыр, перш за ўсё ў перамовах з Савецкай Расеяй, якая таксама прэтэндавала на беларускія землі, і ў перамовах зь Нямеччынай. Уласна, Беларусь зьвярталася да Ўкраіны неаднаразова з тым, каб Украіна паспрыяла прызнаньню БНР з боку Нямеччыны.
Кантроль над тэрыторыяй немагчымы бяз войска
— Вы казалі пра спрэчныя тэрыторыі, на якія адначасова прэтэндавалі УНР ды БНР. Які статус гэтых тэрыторый быў на той час — каму яны належалі і каму падпарадкоўваліся?
— Спрэчнымі можна назваць тэрыторыі, якія расьцягнуліся такой паласой ад Берасьця да Гомля, да Рэчыцы — то бок гэта Палесьсе, магчыма, паўднёвыя рэгіёны Менскай губэрні, Гомельшчыны. БНР прэтэндавала на паўночную частку Чарнігаўскай губэрні, вядома ж, і на Берасьце, і на Пінск...
— І на Смаленшчыну...
— Так. Але на Смаленшчыне не было ўкраінскіх інтарэсаў. Статус гэтых тэрыторый фактычна быў нявызначаны. Сытуацыю ўскладняла і прысутнасьць да лістапада 1918 або нават у некаторых месцах і да сакавіка 1919 году нямецкіх войскаў. Менавіта камандаваньне нямецкай арміі Ober Ost знаходзілася ў Берасьці. Чыгунка, якая праходзіла ад украінскай Валыні празь беларускую тэрыторыю, праз Польшчу да Ўсходняй Прусіі, была цалкам пад кантролем Нямеччыны, і нават калі пачалі выводзіцца нямецкія войскі з тэрыторыі Ўсходняй Эўропы — з Украіны і Беларусі — немцы трымалі гэтыя чыгункі да апошняга.
Украіна, прэтэндуючы на гэтыя спрэчныя тэрыторыі, пачала накіроўваць сваіх камісараў, і ўжо ў часы гетмана Скарападзкага было створана Палескае староства, якое ахоплівала ня толькі тэрыторыю Палесься, але і частку Менскай губэрні, Гомельшчыны ды Чарнігаўшчыны. Але калі немцы пакінулі гэтыя тэрыторыі, то, адпаведна, пачалося наступленьне Чырвонай арміі на беларускія тэрыторыі, а потым ужо і на ўкраінскія. Там таксама ўлада УНР доўга не пратрымалася. Пазьней бальшавікі абвясьцілі стварэньне Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.
— У адрозьненьне ад УНР, Беларуская Народная Рэспубліка ня мела свайго войска, але ўсё ж шукала магчымасьці яго стварыць ва Ўкраіне?
— На працягу Першай усясьветнай вайны ў тых частках расейскай арміі, якія ваявалі на тэрыторыі Ўкраіны, суседняй Бэсарабіі, на паўднёва-заходнім і румынскім франтах, шмат было беларусаў. Зь іх яшчэ ў канцы 1917 — на пачатку 1918 году спрабавалі стварыць беларускія нацыянальныя часткі, але гэтыя спробы не ўдаліся. Ішлі перамовы, каб стварыць іх на тэрыторыі Ўкраіны, паколькі немцы не дазвалялі ствараць вайсковыя часткі ў Беларусі. І тут Украіна давала на гэта прынцыповую згоду. Але і гэтае пытаньне не было вырашанае да канца існаваньня УНР. У 1919 годзе БНР спрабавала ў Адэсе сфармаваць беларускую дывізію пры белагвардзейцах, але гэтая дывізія была распушчаная і ў Беларусь таксама ня трапіла.
Наўрад ці можна лічыць вайсковым супрацоўніцтвам факт, калі атрад Станіслава Булак-Балаховіча, які ваяваў у 1920-м на тэрыторыі Ўкраіны — пад Кіевам, на Валыні, пазьней быў пераведзены ў Беларусь і заяўляў, што ваюе на баку БНР.
Пытаньне аб стварэньні беларускіх вайсковых фармаваньняў на тэрыторыі Ўкраіны ўздымалася і ў 1920 годзе, але таксама не было рэалізаванае. Хоць быў такі цікавы эпізод. У Берасьці ў лягеры знаходзілася вялікая колькасьць украінцаў, беларусаў і расейцаў, і там адбывалася фармаваньне ўкраінскіх вайсковых частак. Туды ж таксама быў пераведзены атрад Станіслава Булак-Балаховіча для папаўненьня. І вось, напярэдадні наступу Войска Польскага ў 1920 годзе на тэрыторыю Ўкраіны, туды прыехалі агітатары і заклікалі беларусаў уступаць у армію УНР. Такія факты мелі месца. І тут ужо хутчэй можна казаць пра канкурэнцыю за жаўнераў, чым пра супрацоўніцтва.
Нявернуты крэдыт. Ці быў ён атрыманы?
— У архівах СБУ ёсьць інфармацыя пра крэдыт у 4 мільёны рублёў, якія нібыта выдзеліў урад УНР на стварэньне арміі БНР. Ці мае гэты факт дакумэнтальнае пацьверджаньне? Ці былі гэтыя сродкі выдзеленыя і атрыманыя?
— Гэты факт я сустракаў у навуковых працах і манаграфіях. Мяркую, што ён меў месца. Гэтыя грошы выдзяляліся ў крэдыт зь нейкімі надзеямі на вяртаньне калісьці ў будучым для пэўных дыпляматычных рэчаў, падаецца, для выезду ў Парыж на мірную канфэрэнцыю Луцкевіча (Антон Луцкевіч — першы прэм’ер-міністар БНР. — РС), а таксама на функцыянаваньне прадстаўніцтва БНР за мяжой. Можна разглядаць гэта як капіталаўкладаньне — Украіна, мабыць, разьлічвала, што Беларуская Народная Рэспубліка будзе прадстаўляць ня толькі свае ўласныя інтарэсы, але і нейкім чынам супрацоўнічаць з УНР у кірунку стварэньня для дзяржаў Антанты, якія якраз у Парыжы дамаўляліся аб новым усясьветным парадку і перадзеле межаў ва Ўсходняй Эўропе, доказаў неабходнасьці існаваньня УНР ды БНР.
Аднак цяжка казаць, як выкарыстоўваліся крэдытныя грошы. З навуковых публікацый вынікала, што іх нават складана было атрымаць, таму што яны пералічваліся на рахункі ў Бэрліне, а там было складана іх перавесьці ў гатоўку. Невядома нават, ці былі атрыманыя гэтыя сродкі, і тым больш — на што яны пайшлі ў рэальнасьці. Ня думаю, што яны былі раскрадзеныя, але ўсе ж такі пытаньне трэба больш дэталёва вывучаць з дапамогай архіўных дакумэнтаў. Таму наўрад ці актуальным будзе пытаньне пра вяртаньне тых коштаў. Для бягучага моманту гэта ня мае значэньня, але я перакананы, што такі факт аб узаемнай падтрымцы Ўкраіны і Беларусі ў тыя няпростыя часы варта нагадваць сучасным палітычным дзеячам.
У пошуках хаўрусьнікаў
— У той жа час вы кажаце, што УНР не прымала БНР як раўнапраўнага партнэра. Гэта выяўлялася толькі ў перамовах пра дзяржаўную мяжу?
— У 1918 годзе, калі былі немцы ва Ўкраіне, то гэта было прычынай пераваг, якія адчувала УНР — яна падпісала Берасьцейскі мір, яна гаспадарыла на вялікай тэрыторыі і нават забясьпечыла выгадную для сябе заходнюю мяжу, нягледзячы на думку палякаў, і спадзяваліся, што так будзе заўсёды. Тут можна казаць пра такое неўсьведамленьне Ўкраінай Беларусі як свайго хаўрусьніка. Калі б Украінская Народная Рэспубліка ў цесным супрацоўніцтве з БНР і, скажам, зь Літвой, Латвіяй ці Эстоніяй разам дзейнічалі на дыпляматычным і вайсковым франтах, то гэта магло б прынесьці больш карысьці. БНР ня мела ўласнага войска, і гэта таксама можна лічыць прычынай нераўнапраўнага стаўленьня. Фактычна кантроль БНР над сваімі тэрыторыямі быў эфэмэрны. Усё гэта перашкаджала разглядаць БНР у якасьці фактычнай улады, супрацоўніцтва зь якой можа прынесьці карысьць.
— У некаторых крыніцах супрацоўніцтва БНР ды УНР зь немцамі вызначаецца як памылковая стратэгія, ня кажучы ўжо пра тое, што тагачасныя савецкія рэпрэсіўныя органы наўпрост называлі беларускіх ды ўкраінскіх «буржуазных нацыяналістаў» «выканаўцамі волі нямецкай ваеншчыны».
— Некаторыя нашы гісторыкі таксама сьцьвярджаюць, што калі Ўкраіна арыентавалася на Нямеччыну або Аўстра-Вугоршчыну і падпісвала зь імі Берасьцейскі мір, зьдзейсьніла вялікую памылку, бо трэба было арыентавацца на Антанту. Але калі мы паглядзім на палітыку Антанты ў дачыненьні да Ўсходняй Эўропы, то мы не пабачым там прыхільнасьці да тых дзяржаўных утварэньняў, што паўсталі з Расейскай імпэрыі. Антанта была хаўрусьнікам Расеі, таму і не зьбіралася прызнаваць незалежнасьць ні Беларусі, ні Ўкраіны, ні краін Балтыі. У нас ёсьць выдатны прыклад: Антанта прызнала Латвію, Літву і Эстонію толькі ў 1921 годзе, калі іх незалежнасьць была па-за сумневам, калі яны ўжо падпісалі дамовы з суседзямі, калі іх межы былі прызнаныя, хоць там заставалася праблемнай мяжа паміж Літвой і Польшчай.
У дачыненьні да Ўкраіны таксама магу сказаць, што на працягу 1917 — пачатку 1918 году, да падпісаньня Берасьцейскага міру, у Кіеве былі кантакты ўкраінскай улады з прадстаўнікамі Антанты, але яны ня мелі наступствам прызнаньня УНР з боку Англіі ці Францыі. Гэтак жа гэтыя краіны не прызнавалі і Беларусь. Таму ва Ўкраіны і Беларусі не было іншага выйсьця, як шукаць іншых хаўрусьнікаў. Калі адны не прызнаюць, трэба зьвяртацца да іншых. Але тут важнае значэньне мела яшчэ тое, што да падпісаньня міру і Ўкраіна, і Беларусь — як краіны, што выйшлі са складу Расейскай імпэрыі — фактычна лічыліся бакамі, якія ўдзельнічаюць у Першай усясьветнай вайне на баку Антанты. І вось уявіце, што ўсё так і па тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны праходзіць фронт зь Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай, а БНР і УНР знаходзяцца ў стане вайны з цэнтральнымі дзяржавамі. Вядома, гэтую вайну супраць вялікіх дзяржаў пры адсутнасьці арміі ні БНР, ні УНР не маглі сабе дазволіць. Таму яны ажыцьцяўлялі крокі, каб гэтую вайну спыніць. Таму, уласна, УНР і падпісала Берасьцейскі мір, які даў ёй міжнароднае прызнаньне.
Беларуская Народная Рэспубліка вымушаная была рэагаваць ужо на фактычнае становішча рэчаў: Нямеччына ўжо знаходзілася на беларускай тэрыторыі, і трэба было дамаўляцца з камандаваньнем і зь нямецкімі ўладамі. Уласна, гэта тое, дзеля чаго беларуская дэлегацыя прыехала ў Кіеў у красавіку 1918 году, — усталяваць яшчэ і дыпляматычныя кантакты з паслом Нямеччыны ў Кіеве, таму што ў Менску было толькі камандаваньне войскамі. Гэта была адэкватная рэакцыя беларускіх дзеячаў на тую сытуацыю.
Першы і адзіны дыпляматычны пратэст
— Ці выкарыстоўвалася ў пэрыяд станаўленьня першых міждзяржаўных дачыненьняў паміж БНР ды УНР практыка нот пратэсту?
— Напрыканцы Першай усясьветнай вайны, пасьля распаду расейскай арміі, польскія жаўнеры, якія ў ёй служылі, аб’ядналіся ў тры вайсковыя корпусы, злучэньні — другі і трэці знаходзіліся на тэрыторыі Ўкраіны, а першы — Юзэфа Доўбар-Мусьніцкага — на тэрыторыі Беларусі. І БНР, і УНР лічылі польскае вайсковае фармаваньне чужым. На тэрыторыі Ўкраіны былі нават канфлікты паміж польскімі войскамі і сялянамі за зямлю, калі памешчыкі спрабавалі выкарыстаць гэтых жаўнераў, каб абараніць уласныя землі ад стыхійнай рэвалюцыі. Узьнікла праблема — куды падзець гэтыя польскія войскі?
У красавіку 1918 году перамовы ўкраінскай улады з камандаваньнем польскіх войскаў пры ўдзеле немцаў завяршыліся падпісаньнем пагадненьня аб перакіданьні ўсіх польскіх фармаваньняў на поўнач Чарнігаўшчыны — якраз на мяжу зь Беларусьсю. Паколькі першы польскі корпус тады ўжо канцэнтраваўся вакол Бабруйску, а адтуль ня так далёка і да Чарнігаўшчыны, гэта дазваляла польскім войскам аб’яднацца. Палякі ўспрынялі гэтае пагадненьне вельмі станоўча і пачалі адразу рух. Але ж чуткі пра гэтую зьдзелку дайшлі да Менску. І БНР адрэагавала вельмі нэгатыўна — ва Ўкраіну была накіравана адпаведная нота пратэсту.
Аднак пакуль гэты ліст дайшоў, палітыка ва Ўкраіне памянялася, было ўхвалена рашэньне пра раззбраеньне польскіх войскаў. У траўні 1918 году польскія войскі ва Ўкраіне былі раззброеныя, тады ж немцы раззброілі першы польскі корпус і ў Беларусі.
Балта-Чарнаморскай ідэі — амаль 100 гадоў
— Ці вядома што-небудзь пра асабістыя дачыненьні паміж прадстаўнікамі УНР ды БНР? Дзе адбываліся ўсе перамовы паміж імі?
— У 1918 годзе кантакты адбываліся ў Кіеве. Ёсьць такія сьведчаньні, што беларуская дэлегацыя неафіцыйна сустрэлася з кіраўніком Украінскай Цэнтральнай Рады Міхаілам Грушэўскім, пазьней адбываліся кантакты прадстаўнікоў БНР зь міністрам замежных спраў Украінскай Дзяржавы Дзьмітром Дарашэнкам. Адбываліся кантакты і за мяжой — асабліва такімі цэнтрамі былі Бэрлін ды Рыга. У Бэрліне была амбасада Ўкраінскай Дзяржавы (пазьней УНР), у Рызе — прадстаўніцтвы УНР і БНР. Менавіта ў гэтых цэнтрах адбываліся сустрэчы, асабліва калі тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны былі занятыя бальшавікамі або палякамі.
Таксама ёсьць сьведчаньні, што менавіта на перамовах у Латвіі ішла размова аб стварэньні Балта-Чарнаморскага Саюзу, то бок латвійска-літоўска-ўкраінска-беларускага аб’яднаньня, таму што ўсе яны фактычна мелі агульных ворагаў — бальшавіцкую Расею з аднаго боку, а з другога — Польшча прэтэндавала і на беларускія, і на ўкраінскія тэрыторыі. Але гэтыя перамовы таксама не прывялі да нейкіх прыкметных наступстваў.