Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі не выключаюць магчымасьці правакацый падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017». Пра гэта са спасылкай на газэту «Diena» перадае інфармацыйны партал ru.delfi.lt.
Хоць Міністэрства абароны Латвіі 2 жніўня атрымала запрашэньне накіраваць на вучэньні двух назіральнікаў, гэта яшчэ не азначае, што будуць забясьпечаныя адкрытасьць і празрыстасьць вучэньняў, піша выданьне.
Пра тое, што падчас вучэньняў магчымыя правакацыі, публічна выказаліся і камандуючы Нацыянальных узброеных сіл Леанід Калныньш, і міністар абароны Раймонд Бергманіс. У Міністэрстве замежных спраў Латвіі заявілі, што, хоць сцэнар вучэньняў прадугледжвае тэрытарыяльную абарону Расеі і Беларусі, з улікам сцэнароў падобных вучэньняў у 2009 і 2013 гадах галоўная праблема сёлетніх вучэньняў — адсутнасьць іх празрыстасьці.
Супрацоўніца дэпартамэнту па сувязях з грамадзкасьцю Мінабароны Латвіі Дайна Азалінь падкрэсьліла, што абароназдольнасьць Латвіі ўмацоўваецца: у прыватнасьці, летам прайшлі манэўры апалчэньня, а шматнацыянальная тактычная група НАТО, разьмешчаная ў краіне, у верасьні дасягне поўнай баявой гатоўнасьці.
Раней амэрыканскі генэрал-лейтэнант Бэн Годжэз, які камандуе сіламі ЗША ў Эўропе, заявіў у інтэрвію Reuters, што прадстаўнікі НАТО маюць намер пільна сачыць за расейска-беларускімі вучэньнямі.
Амэрыканскі генэрал казаў, што асьцярогі адчуваюць краіны Ўсходняй Эўропы, якія ўваходзяць у НАТО, і Ўкраіна. На іх думку, Расея можа пакінуць у Беларусі ўзбраеньне для іншых апэрацый.
У канцы ліпеня прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што балтыйскі паветраны патруль НАТО будзе ўзмоцнены ўдвая на пэрыяд вучэньняў «Захад-2017»:
«Тут будзе больш вайскоўцаў, і будзе падвоеная місія паветранага флёту. Таксама будзе больш тэхнікі, караблёў ЗША, што сьведчыць пра асаблівую ўвагу да нашага рэгіёну», — сказала кіраўніца дзяржавы.