Лёды

Антоніё Паалеці, «Вэнэцыянскі прадавец марозіва»

У Наваградку з Аляксеем Міхайлавічам Пяткевічам і Дубатоўкамі. Прыселі за столікам ля кавярні. Шчасьлівыя. Ад таго, што ў любым кожнаму з нас месьце. І ў мілай сябрыне. І дзень цудоўны. Напоўніцу п’ем асалоду. Хто з чым. Мужчыны з мацнейшым, кабеты з саладзейшым.

Смакую халодны салодкі аскепак. Аляксей Міхайлавіч згадвае, як бацька аднойчы купіў яму, малому, лёды. Хлопчык неасьцярожна нахіліў шклянку, і ўраз размяклая салодкая смаката аказалася на бруку. Якая бяда! Бацька быў добрым. Купіў яшчэ адну порцыю. Малы з усіх ног паімчаўся дахаты, бо лёды раставалі імгненна. Каб данесьці маме.

Гэты ласунак у іх мястэчку ў трыццатыя гады называлі лёды.

Альжбета Кеда

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org