Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі»

Першая прэзэнтацыя новай кнігі Вінцука Вячоркі ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» пад назвай «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» прайшла ў Баранавічах.

На сустрэчу з мовазнаўцам на прыватным падворку прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Вінцук Вячорка патлумачыў, чаму менавіта ў Баранавічах адбылася першая прэзэнтацыя яго чарговай кнігі:

«Тут жывое дзеяздольнае беларускае асяродзьдзе, якое ўжо ня першы год адваёўвае і ўтрымлівае пляцдарм у выглядзе беларускамоўнага навучаньня для дзяцей. Людзі бяруцца і за іншыя беларускія ініцыятывы — змаганьне за беларускія назвы вуліц, батлеечны тэатар і гэтак далей. Вось і цяпер, хоць лета і выходны, сабралася немалая група адданых беларускай справе людзей.

Вельмі пазытыўная і часам вострая размова адбылася, з палемікай і дыскусіямі», — падсумаваў Вінцук Вячорка.

У часе сустрэчы Вячорка распавёў пра кнігу, падзяліўся з жыхарамі Баранавічаў досьведам адстойваньня моўных правоў у розных сфэрах жыцьця, адказаў на пытаньні.

«Гэтая другая мая кніга ў сэрыі „Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе“. Туды ўваходзяць мае артыкулы і сцэнары радыёперадачаў, прысьвечаныя беларускай мове, яе ўнікальным асаблівасьцям, яе трагедыям і пакручастаму гістарычнаму лёсу. Катэгарычна выступаю супраць так званага „дзяржаўнага двумоўя“ як спосабу выціснуць беларускую мову з усіх сфэраў дзяржаўнага жыцьця. Спрабую адказаць, чаму многія самабытныя рысы беларускай мовы мы павінны цяпер вывучаць ня ў школе і нават не ва ўнівэрсытэце, а самастойна раскопваючы архівы ды даўнія кнігі», — заявіў мовазнаўца.

Першая кніга ў сэрыі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — выйшла ў 2016 годзе.

Другая кніга Вінцука Вячоркі ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» мае іранічную назву «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі». Мовазнаўца растлумачыў чаму:

«За гульлівай назвай „Не сьмяшыце мае прыназоўнікі“ стаяць і сур’ёзныя сацыялінгвістычныя развагі. Я закранаю пытаньні вынікаў перапісаў, пэўнай неаб’ектыўнасьці пытаньняў, закладзеных у моўную частку перапісаў і сацыялягічных апытаньняў. Гэта моваабарончыя пытаньні. Але нямала ў кнізе практычных мовааднаўленчых рэчаў: як павінна фармавацца беларуская галіновая тэрміналёгія, скажам, страхавой справы; ёсьць практычныя парады — як натуральна і правільна разьвітвацца па-беларуску.

Закранаю пытаньні стасункаў беларускай мовы й цывілізацыі, да якой мы належым. У самой назьве — „Не сьмяшыце мае прыназоўнікі“ — адсылка да цікавага адрозьненьня паміж беларускім выразам „Ян ажаніўся з Марыляй“ і расейскім выразам „Иван женился на Марье“. Ці прыназоўнікі тут фармуюць раўнапраўе/нераўнапраўе, ці норавы ўплываюць на прыназоўнікі?»

Па сустрэчы прысутныя змаглі атрымаць кнігу з аўтографам аўтара.