Як паведаміла ў Фэйсбуку афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусі ў Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава, у дачыненьні да 39-гадовага грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі распачатая крымінальная справа за арганізацыю занятку прастытуцыяй.
«Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэта расьсьледуе крымінальную справу па ч.1 арт.14 і ч.2 арт. 171 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі (Замах на арганізацыю або выкарыстаньне занятку прастытуцыяй або стварэньне ўмоваў для занятку прастытуцыяй, спалучаныя з вывазам за межы дзяржавы асобы для занятку прастытуцыяй) у дачыненьні да 39-гадовага грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі».
Паводле Сахаравай, падазраваны мужчына затрыманы. З ім працуюць сьледчыя. Праводзяцца першапачатковыя сьледчыя дзеяньні, высьвятляюцца абставіны здарэньня.
Як паведамлялі раней шэраг расейскіх СМІ, пры штурме прытону з прастытуткамі ў Віцебску затрыманы бацюшка з храма Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградзкай вобласьці. Яго імя Мікалай Кірэеў. Паводле інфармацыі 47news, перад ад’ездам сьвяты айцец сказаў пападзьдзі аб ад’езьдзе ў блаславёныя мясьціны.