Як паведамляе шэраг расейскіх мэдыяў, пры штурме прытону з прастытуткамі ў Віцебску затрыманы бацюшка з храма Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградзкай вобласьці. Сьвятога айца падазраюць у «стварэньні ўмоваў для занятку прастытуцыяй». Паводле інфармацыі 47news, перад ад’ездам ён сказаў пападзьдзі аб ад’езьдзе ў блаславёныя мясьціны.
Пра зьнікненьне мужа, 39-гадовага сьвятара, айца Мікалая, у паліцыю паведаміла жонка 4 жніўня. Паводле яе словаў, ён зьехаў у паломніцтва па Маскоўскай вобласьці. Апошні раз тэлефанаваў каля гадзіны дня 3 жніўня. Пасьля гэтага на званкі Мікалай больш не адказваў і сам не тэлефанаваў.
Неўзабаве было высьветлена месца яго побыту: айцец Мікалай быў затрыманы міліцыяй у Віцебску. Як паведамляе сайт 47news, Мікалая Кірэева затрымалі пры штурме прытону і нібыта з прастытуткамі. Вядома таксама, што 4 жніўня ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 171 Крымінальнага кодэкса Беларусі: «Выкарыстаньне занятку прастытуцыяй ці стварэньне ўмоваў для занятку прастытуцыяй». Мяркуецца, што бацюшка зьбіраўся вывезьці ў горад Санкт-Пецярбург жанчынаў.
Настаяцель храма, дзе служыў айцец, лічыць, што гэтая гісторыя можа быць «подставой» (правакацыяй — рас. жарг.). Жонка ад камэнтароў адмаўляецца. Знаёмыя айца Мікалая, зь якімі камунікаваў 47news, моцна зьдзівіліся, пачуўшы пра яго затрыманьне.