Больш за тры дзясяткі клюбаў рыцарскай рэканструкцыі зь Беларусі і Расеі на замкавай гары паказваюць сваё майстэрства валоданьня зброяй сярэднявечнага ваяра. На рысталішчы — вершнікі, пешыя рыцары, лучнікі.
Сьвята сэрэднявечнай культуры, прымеркаванае да гадавіны перамогі аб’яднанага войска Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага на Грунвальдзкім полі, праходзіць у дзясяты раз. У сечы на Грунвальдзе брала ўдзел і мсьціслаўская дружына.
Урачыстае адкрыцьцё фэстывалю адбылося на цэнтральнай плошчы Мсьціславу пад помнікам асьветніку і кнігадрукару Пятру Мсьціслаўцу. На працягу трох фэстывальных дзён наведнікам пакажуць каталіцкія і праваслаўныя сьвятыні, а таксама знакавыя мясьціны гораду. Ахвочых чальцы рыцарскіх клюбаў навучаць сярэднявечным танцам і валоданьню зброяй рыцара.
«Шмат хто думае, што клюбы рыцарскай рэканструкцыі — гэта спосаб схавацца ад рэаліяў у гісторыі, аднак насамрэч гэта спосаб для сучаснага мужчыны выйсьці з зоны свайго камфортнага жыцьця», — патлумачыў сваё захапленьне рыцарствам чалац менскага конна-гістарычнага клюбу «Залатая шпора» Максім. Гэты клюб рэканструюе беларускую крылатую кавалерыю 15-17 стагодзьдзяў.
Для дзяўчат эпоха рыцараў таксама прыцягальная, дадае чалец гэтага ж клюбу Юлія.
«Мы рэканструюем адзеньне таго часу, манэру апранацца, паводзіць сябе. Для дзяўчат цікавая тэма баляваньняў, тагачасных танцаў. Мы таксама можам езьдзіць на конях, але як дамы. Мы ня ўдзельнічаем у рыцарскіх забавах. У нашым клюбе не прынята, каб дамы ваявалі».
«Мы вывучаем часы Залатой Арды», — адзначыла наступная суразмоўніца, чалец менскага стралковага клюбу «Лучнік» Аляксандра.
«У тую эпоху жанчына нароўні з мужчынамі ваявала, — патлумачыла яна. — Таму жанчына таго часу з лукам на кані — будзённасьць. Для эўрапейскай культуры дамы меліся быць у сукенцы. У наш клюб ідуць дзяўчаты, у якіх ёсьць дух суперніцтва».
Пабачыць спаборы рыцараў на замкавую гару прыйшло багата народу. Нямала на фэст прыехала расейцаў з суседніх раёнаў Смаленскай вобласьці.
У 2007 годзе правядзеньне фэсту ініцыяваў мсьціслаўскі ксёндз Караль Тамэцкі. Ажыцьцявіць задуманае дапамог Цэнтар сацыяльных інавацыяў зь Менску ў супрацоўніцтве з выканаўчай уладай. Менская грамадзкая суполка спадзявалася, што ў арганізацыі фэстывалю будзе ўдзельнічаць актыўная частка мясцовай грамадзкасьці, аднак такія чаканьні ня спраўдзіліся Цяпер фэст арганізуе мсьціслаўскі райвыканкам.