Эўрапейскі суд забараніў Расеі дэпартаваць журналіста Алі Фэруза ва Ўзбэкістан

Эўрапейскі суд у правах чалавека ў Страсбуры забараніў уладам Расеі дэпартаваць ва Ўзбэкістан журналіста «Новай газэты» Худабэрды Нурматава (Алі Фэруза) да вынясеньня рашэньня паводле ягонай скаргі ў гэтым судзе, — заявіў у пятніцу адвакат Кірыл Карацееў, які прадстаўляе інтарэсы журналіста ў Эўрапейскім судзе.

«Эўрапейскі суд сёньня ўжыў правіла 39 адносна нашага звароту, забараніўшы якое-кольвечы перамяшчэньне Алі Фэруза да разгляду ягонай скаргі ў Эўрапейскім судзе. У сваім адказе суд прасіў нас даслаць поўны фармуляр скаргі да верасьня», — сказаў юрыст.

«Такім чынам, ні ў выходныя, ні ў верасьні ніякае яго перасоўваньне: ні дэпартацыя, ні выправаджваньне з Расеі, ні штосьці яшчэ немагчымае», — упэўнены Карацееў.

Акцыя ў падтрымку Алі Фэруза ў Санкт-Пецярбургу

Тым ня менш, магчымасьць абыйсьці рашэньне Эўрапейскага суду існуе. У сьнежні 2015 году году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе Канстытуцыйнаму суду прызнаваць невыканальнымі рашэньні міжнародных судоў, перш за ўсё Эўрапейскага суду ў правах чалавека, — у выпадках, калі іх рашэньні супярэчаць расейскай Канстытуцыі

*****

Раней Басманны суд у Маскве прыняў рашэньне аб дэпартацыі журналіста ва Ўзбэкістан з-за таго, што ён нібыта парушыў міграцыйны рэжым Расеі. Пасьля гэтага, паводле адваката, журналіст зрабіў спробу суіцыду і сказаў, што «хутчэй памрэ, чым вернецца ва Ўзбэкістан».

Нурматаў падаў скаргу на гэтае рашэньне, і калі Масгарсуд яе адхіліць, журналіст будзе дэпартаваны з Расеі ў верасьні. Пакуль скарга на дзеяньні расейскага суду будзе разглядацца, Нурматаў будзе знаходзіцца ў цэнтры часовага ўтрыманьня мігрантаў.

Па словах праваабаронцаў, пры перавозцы ў Цэнтар часовага ўтрыманьня Фэруза зьбілі судовыя прыставы — на сьпіне ў журналіста знайшлі гематомы. Нурматаў таксама заявіў, што да яго ўжывалі электрашокер.

Акцыя ў падтрымку Алі Фэруза ў Санкт-Пецярбургу

Фэруз нарадзіўся і скончыў школу на Алтаі, дзе нарадзілася яго маці, але юнацтва правёў ва Ўзбэкістане, дзе быў грамадзянскім актывістам. Рэдакцыя «Новай газэты» сьцьвярджае, што восем гадоў таму журналіст быў вымушаны пакінуць Узбэкістан, паколькі яго спрабавалі вэрбаваць мясцовыя спэцслужбы.

Узбэцкія ўлады шмат гадоў дамагаліся дэпартацыі журналіста з Расеі на радзіму. На атрыманьне прытулку ў Расеі ён падаў дакумэнты толькі ў 2014 годзе, але ў прытулку яму адмовілі.

У сакавіку Фэруза затрымалі ў цэнтры Масквы за парушэньне міграцыйнага заканадаўства, а 1 жніўня зноў затрымалі і гэтым разам у сьпешным парадку вырашылі дэпартаваць.