Іміграцыйная рэформа Трампа: хто выйграе, а хто прайграе

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў законапраект RAISE, які радыкальна мяняе прынцыпы іміграцыйнай сыстэмы ЗША. Законапраект яшчэ ня ўхвалены Кангрэсам, але людзям, якія разглядаюць ЗША як адну з магчымых краін для пераезду, варта загадзя рыхтавацца да пераменаў і, магчыма, зьмяніць сваю міграцыйную стратэгію. ЗША штогод прымаюць каля мільёну мігрантаў з усяго сьвету, таму прапановы Трампа могуць закрануць дзесяткі мільёнаў чалавек у розных краінах.

У чым сутнасьць?

Агульная колькасьць прыманых мігрантаў паменшыцца. Летась улады ЗША выпусьцілі больш за 617 тысяч грын-картаў («зялёных картаў», дазволаў на пастаяннае пражываньне ў ЗША, якія даюць мігрантам права на працу ў краіне). Гэтая колькасьць ня ўлічвае тых, хто ўжо жыве ў ЗША па працоўнай візе, але пакуль без грын-карты, нелегальных імігрантаў і іншыя катэгорыі патэнцыйных імігрантаў. Калі закон будзе прыняты, то, паводле аднаго з аўтараў, сэнатара ад штату Арканзас Тома Котана, ужо праз год замест прыкладна 1 мільёна прыманых замежнікаў на год колькасьць імігрантаў у ЗША будзе зьменшана прыкладна да 600 тысяч чалавек, а на працягу дзесяці гадоў — да 500 тысяч чалавек на год.

  • Прапануецца зусім адмяніць лятарэю грын-картаў, а таксама аслабіць прынцып «сямейнасьці».

Сёньняшняя сыстэма выдачы грын-картаў працуе на карысьць тых мігрантаў, у якіх ужо ёсьць у ЗША сямейнікі і сваякі. Па выніках 2016 году на «сямейную» іміграцыю на падставе таго, што ў ЗША жывуць дзеці, бацькі або муж ці жонка, прыпадала больш за 315 тысяч выдадзеных іміграцыйных віз. Гэта больш за палову ўсіх выдадзеных. Яшчэ больш за 215 тысяч іміграцыйных віз было выдадзена на падставе таго, што ў ЗША ў патэнцыйнага эмігранта жывуць іншыя сваякі сваякі (дзядзькі, цёткі, унукі, браты, сёстры і гэтак далей). Па «выйграных» у лятарэю грын-картах атрымалі права заехаць і жыць у краіне яшчэ больш за 45 тысяч чалавек. Пры тым, што «па працы» грын-карты атрымалі толькі 25 тысяч.

  • Аўтары закону прапануюць радыкальна зьмяніць гэтую сыстэму. У іх вэрсіі, права на эміграцыю ў ЗША павінны атрымаць у першую чаргу кваліфікаваныя мігранты, якія ўжо маюць спэцыяльнасьць, валодаюць ангельскай мовай і гатовыя самі сябе ўтрымліваць.

«Дзесяцігодзьдзямі ў ЗША дзейнічала іміграцыйная сыстэма, якая прадстаўляе грын-карты ў рэкордных колькасьцях нізкааплачваным імігрантам. Гэтая палітыка абцяжарвала рабочых Амэрыкі, яе падаткаплатнікаў, марнавала яе рэсурсы. Спаборніцкі працэс атрыманьня віду на жыхарства дасьць перавага заяўнікам, якія здольныя размаўляць па-ангельску, забясьпечваць сябе і свае сем’і і валодаюць навыкамі, патрэбнымі нашай эканоміцы», — наўпрост заявіў Трамп, прадстаўляючы законапраект.

  • Лік «працоўных» грын-картаў, якія будуць атрыманыя «спаборніцкім» шляхам на падставе сыстэмы балаў, зьбіраюцца павялічыць да 140 тысяч на год за кошт зьмяншэньня «сямейнай» і скасаваньня «лятарэйнай» катэгорыі.

Скарачэньне «сямейнай» квоты, паводле аўтараў закону, закране толькі непрамых сваякоў: жонкі і дзеці грамадзян ЗША будуць атрымліваць грын-карты на ранейшых умовах. Што тычыцца пажылых сваякоў, то ім замест грын-карты прапануецца прыяжджаць і жыць у ЗША на падставе спэцыяльнай візы з абмежаваным тэрмінам дзеяньня.

Адмена грашовых дапамог мігрантам

Гэтую прапанову аўтары закону тлумачаць тым, што, паводле іх дадзеных, сёньня нібыта 50% хатніх гаспадарак імігрантаў атрымліваюць розныя фэдэральныя і мясцовыя датацыі, у той час як сярод хатніх гаспадарак ураджэнцаў ЗША гэта робяць толькі 30%.

Менш уцекачоў

Таксама закон прапануе прымаць значна менш уцекачоў — 50 тысяч чалавек на год. Гэта прыблізна палова ад той колькасьці, якую ЗША прымаюць цяпер.

Ідэальны кандыдат «паводле Трампа», хто ён?

З закону вынікае, што гэта чалавек ва ўзросце ад 26 да 31 году, які скончыў унівэрсытэт у ЗША ці на радзіме ці ўжо атрымаў прафэсійную адукацыю і добра гаворыць па-ангельску. Для таго, каб атрымаць грын-карту, ён павінен набраць мінімум 30 балаў, але чым іх больш — тым вышэйшыя ў яго шанцы.

Узрост

Кандыдат ва ўзросьце ад 18 да 21 года атрымлівае за ўзрост 6 балаў, ва ўзросьце ад 22 да 25 гадоў — 8 балаў, ва ўзросьце 26-31 года — 10 балаў. Пачынаючы з 31 года балы за ўзрост памяншаюцца: у 31-35 год патэнцыйны эмігрант атрымае 8 пунктаў, у 36-40 гадоў — 6 пунктаў, у 41-45 гадоў — 4, а ў 46-50 — 2. пачынаючы з 50 гадоў дадатковыя балы за ўзрост не налічваюцца.

Адукацыя

Атрыманы ў ЗША ці ў краіне зыходу атэстат аб сярэдняй адукацыі варты аднаго балу. Ступень бакаляўра дае 6 балаў, калі была атрымана ў ЗША, і 5 — калі ў іншай краіне. Ступень магістра ацэньваецца ў 8 балаў, калі была атрымана ў ЗША, і ў 7, калі ў іншай краіне. Доктарская дысэртацыя — у 13 і 10 балаў адпаведна.

Ангельская мова

Той, хто набярэ ў моўным тэсьце менш за 60%, не атрымае ніводнага дадатковага пункту. Тыя, хто атрымае 60-80%, зможа прыплюсаваць да сябе ў анкету 6 пунктаў, 80-90% — 10 пунктаў. Тыя, хто атрымае за тэст 90% і больш, заробяць адразу 11 пунктаў, а за стоадсоткавы вынік можна атрымаць нават 12 пунктаў.

Праца

Асобна ацэньваецца тое, ці мае патэнцыйны эмігрант працу ў ЗША. Калі ён яе ўжо атрымаў, і яго заробак прыкладна ў паўтара разы вышэйшы, чым мэдыянны па краіне для такой спэцыяльнасьці, то гэта дае дадатковых 5 балаў, калі ў два разы вышэйшы — 8 балаў, а калі ў тры разы — 13 балаў. Так Трамп і аўтары закону спрабуюць стымуляваць прыток у краіну толькі высокааплатных кваліфікаваных мігрантаў, якія ня будуць канкураваць з грамадзянамі ЗША на нізкааплатных працах.

Грошы

Трамп прапануе прысуджаць 6 балаў эмігранту, які ўкладвае ў ЗША мінімум ^$1,35 млн. і здолее ўтрымаць бізнэс прынамсі тры гады. Калі сума інвэстыцый вырастае да ^$1,8 мільёна на тых жа ўмовах, то за гэта прапануецца прысуджаць ўжо 12 іміграцыйных балаў.

А нехта ў сьвеце так ужо робіць?

Трамп і іншыя аўтары закону спасылаюцца на досьвед Канады і Аўстраліі, якія даўно прыцягваюць высокакваліфікаваных мігрантаў на падставе менавіта «бальнай» сыстэмы. Канада дае пункты за веданьне ангельскай (а ў некаторых правінцыях — яшчэ і за веданьне францускай) мовы, за патрэбную ў краіне або ў асобнай правінцыі прафэсію, прафэсійны стаж. Аналягічна дзейнічае і Аўстралія, дзе балы даюцца за ўзрост, веданьне ангельскай, адукацыю, вопыт работы паводле спэцыяльнасьці, пацьверджанай ў Аўстраліі ці блізкай да яе, навучаньне ў Аўстраліі, аўстралійскі досьвед працы і іншыя парамэтры.

Што ўсё гэта азначае для патэнцыйных эмігрантаў?

У новай сыстэме (калі закон будзе прыняты) шанцы атрымаюць менавіта тыя, хто зможа лепш прадаць свае навыкі. Зьнікнуць шанцы выйграць грын-карту ў лятэрэю — а ў 2015 годзе прыкладна 100 тысяч чалавек зь Беларусі бралі ў такой лятарэі ўдзел.

Пацерпяць і тыя людзі, якія зьбіраліся зьяжджаць ў ЗША праз сваяцкія сувязі і сувязі ў дыяспары. Ініцыятыва Трампа можа сур’ёзна ўдарыць па тых мігрантах, якія ўжо жывуць у ЗША і плянавалі перавезці да сябе бацькоў, каб забясьпечыць ім добры мэдычны дагляд і высокую якасьць жыцьця.

  • Але ў першую чаргу новыя правілы сур’ёзна ўдараць па тых патэнцыйных імігрантах, у якіх няма прафэсійных навыкаў, якія яны могуць пацьвердзіць і прадаць.

У тэорыі патэнцыйныя мігранты, якія разглядаюць ЗША ў якасьці краіны эміграцыі, могуць павысіць свае шанцы на атрыманьне грын-карты наступнымі спосабамі:

  • калі будуць вучыць ангельскую мову і пацьвярджаць веданьне мовы сэртыфікатамі
  • калі змогуць пацьвердзіць у ЗША свае унівэрсытэцкія дыплёмы
  • калі атрымаюць адукацыю ў амэрыканскіх ВНУ
  • калі будуць стажыравацца і працаваць у амэрыканскіх або міжнародных кампаніях, у якіх лягчэй пацьвердзіць досьвед працы

Усё пералічанае дапаможа зарабіць дадатковыя балы, якія могуць апынуцца крытычнымі, калі іміграцыйная рэформа Трампа усё ж такі будзе прынятая.