Your browser doesn’t support HTML5
Янку Брылю — 100
4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.
- Біяграфія Янкі Брыля
- Паслухаць Брыля. Народны пісьменьнік чытае ўрыўкі з апошняй кнігі «Парастак» (+аўдыё)
- Янка Брыль, чалавек дажджу. Блог Аляксандра Лукашука
- Як Янка Брыль узгадаваў Вольгу Іпатаву да старшыні Саюзу пісьменьнікаў
- Анатоль Сідарэвіч пра Брыля. Блог
4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.
«Брыль заўсёды казаў, што знаў мяне яшчэ да майго нараджэньня»
Пра ролю Брыля ў беларускай літаратуры і ў сваім асабістым лёсе распавяла беларуская пісьменьніца Вольга Іпатава. Ад канца нулявых разам з мужам, навукоўцам-фізыкам Ягорам Фядзюшыным яны жывуць у Канадзе, гадуюць унукаў. На радзіме зьяўляюцца літаральна на месяц-другі, і акурат у такі прыезд удалося іх запрасіць у студыю Свабоды.
Як кажа спадарыня Іпатава, Янка Брыль быў тым чалавекам, які скіраваў яе ў літаратуру. «Ён менавіта той, хто зрабіў выключны ўплыў на мой лёс — і на чалавечы, і на пісьменьніцкі», — кажа Вольга Міхайлаўна і тлумачыць:
«Пачалося яшчэ да майго нараджэньня. Як жартаваў Іван Антонавіч падчас нашых сустрэчаў з чытачамі, я Волю Іпатаву ведаў ужо тады, калі яе яшчэ не было на сьвеце. Справа ў тым, што з маімі бацькамі ён быў у адным партызанскім атрадзе. З кожным годам, дарэчы, ганаруся гэтым усё болей. У маладыя гады здавалася, што вайна прайшла, зьнікла, яе нідзе няма.
Але сёньня, калі сьвет робіцца такім небясьпечным, згадваеш, як змагаўся наш народ за сваю незалежнасьць, за сваё існаваньне ўвогуле... Дык вось, у атрадзе яны пасябравалі, потым разам працавалі ў Міры. Гэта ўсё Карэліцкі раён — месца майго нараджэньня. У 1949-м мама памерла, бацька ажаніўся зь іншай. Калі мне споўнілася 11 гадоў, я ад іх зьбегла. Найперш ад мачыхі, але ад бацькі таксама. І мяне ўладкавалі ў дзіцячы дом Горадні».
Іван Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 году ў Адэсе, у сям’і этнічнага беларуса — чыгуначніка Антона Брыля. У пяць гадоў бацькі зь ім вярнуліся ў вёску Загор’е цяперашняга Карэліцкага раёну, якая была «пад Польшчай». Скончыў польскую сямігодку і паступіў у Наваградзкую гімназію, але ня змог вучыцца з-за нястачы. Незадоўга да «вызваленчага паходу» Чырвонай Арміі мабілізаваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. У тым жа 1939-м, неўзабаве пасьля пачатку Другой усясьветнай вайны, трапіў у палон пад Гдыняй. У 1941-м уцёк ад немцаў і дабраўся да Беларусі.
Тут далучыўся да партызанаў. Праз год стаў сувязным брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэньня, а пры канцы вайны — выведнікам партызанскай брыгады «Камсамолец». Там жа пазнаёміўся і пасябраваў з будучымі бацькамі Вольгі Іпатавай — Міхалам і Марыяй. Рэдагаваў газэту «Сьцяг свабоды» Мірскага падпольля і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла».
Пасьля вайны пачынаў рэдактарам раённай газеты ў Міры, потым пайшлі часопісы «Маладосьць», «Полымя», праца рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР, дзьве дэпутацкія кадэнцыі ў Вярхоўным Савеце БССР. Па іроніі лёсу, больш за тры дзясяткі гадоў узначальваў беларускае аддзяленьне таварыства «СССР — Канада», наўрад ці нават дапускаючы, што аднойчы за акіян выправіцца і колішняя выхаванка, дачка ягоных партызанскіх сяброў.
«Упершыню адчула сябе не дзетдомаўскай падшыванкай, а дамай»
Вольга Іпатава згадвае, што акліматызацыя ў дзіцячым доме давалася цяжка — «рэха вайны» адчувалася і праз 10 гадоў пасьля яе заканчэньня. Выйсьце знаходзіла, складаючы вершыкі — «няўклюдныя, але шчырыя», — кажа яна.
У нейкі момант згадала пра Янку Брыля. На той час ён ужо быў прызнаным літаратарам і, калі верыць сямейнай легендзе, сябраваў зь яе бацькамі. Урэшце адважылася пра сябе нагадаць, даслаўшы яму стос «наіўных вершыкаў». І здарыўся цуд: празь нейкі час прыйшло асабістае запрашэньне ад Янкі Брыля наведацца ў Менск. Перапоўненая пачуцьцямі, Воля выправілася ў сталіцу:
«Уявіце сабе: 14-гадовая дзяўчынка прыяжджае ў Менск, у сям’ю вядомага пісьменьніка. Я ня ведала, куды мне сесьці, як рухацца і наогул як сябе паводзіць. Проста была ашаломленая.
Але ён ва ўсім разабраўся. Паклікалі на абед, я ўвайшла, Іван Антонавіч ужо там быў. Устаў, адсунуў перада мной, дзяўчынкай, крэсла і пасадзіў як паважаную жанчыну. У той момант я ўпершыню адчула сябе ня нейкай дзетдомаўскай падшыванкай, а менавіта дамай. Гэта быў вельмі яскравы момант.
Сам ён — вельмі чуйны, добры бацька, добры муж. Я пасябравала зь яго дачушкамі, Наташа і Галечка мне сталі як родныя. Яго жонка Ніна Міхайлаўна — граматная, высокаэрудаваная і інтэлектуальная асоба, і пры гэтым клапатлівая. Я наогул зайздросьціла атмасфэры ў сям’і, бо яна была менавіта такая, якой мне не хапала і якая мроілася. У іхнім доме я адагрэлася, адчула сябе чалавекам, нарэшце, убачыла мадэль сям’і, якую хацела б мець сама».
Як потым аказалася, запрашэньне не было выпадковае — Янка Брыль загадзя прадумаў сцэнар. Літаральна праз пару дзён пасьля прыезду Вольгі ў Каралішчавічах павінен быў пачацца фэстываль творчай моладзі. Куды, уласна кажучы, ён і зьбіраўся «прыстроіць» маладую паэтку:
«Ёсьць нават такая фатакартка: сядзяць знаныя літаратары, маладыя таленты, і сярод іх — дзяўчынка ў піянэрскім гальштучку. Ну які гэта малады пісьменьнік? Мне няма і 15 гадоў, я, можна сказаць, дзіця яшчэ. І тут — такі шок, навокал — практычна ўсе гранды беларускай літаратуры. Я пабачыла Эдзі Агняцьвет, Станіслава Шушкевіча-старэйшага, каго я чытала ў кніжках і чые вершы вучыла. Спачатку, як кажуць, проста хадзіла і ня верыла сваім вачам, што сапраўды знаходжуся сярод жывых клясыкаў. Але гэта наклала такі магутны адбітак, што калі вярнулася ў Горадню, у свой дзіцячы дом, то як ашалелая пачала пісаць, пісаць, пісаць. І гэта ўсё дзякуючы майму зямному заступніку Івану Антонавічу».
Ужо тады Вольга Іпатава практычна вызначылася з жыцьцёвымі пэрспэктывамі. Да таго ж, як кажа, «нечакана звалілася яшчэ адно шчасьце» — калектыў аднадумцаў абласной газэты «Гродненская правда»:
«Так удала павярнуўся лёс, што літкансультантам у „Гродненской правде“ быў Міхась Васілёк. Акурат тады пачынаў працаваць Васіль Быкаў, друкавалася маладая Данута Бічэль-Загнетава. Цэлае сузор’е выбітных асобаў! І вось гэтыя людзі ахінулі мяне сваім клопатам — „зялёную“ паэтку, якая, праўда, ужо была на нарадзе маладых пісьменьнікаў (сьмяецца).
Ведаеце, зусім не зайздрошчу цяперашняй моладзі, бо яна такой апекі сёньня проста ня мае. На жаль, абсалютна іншая атмасфэра. А тады ўсё, што пісалася, асабліва па-беларуску, падтрымлівалася, стымулявалася. І калі я пайшла на філфак БДУ, то ўжо лічылася літаратаркай, якая даволі актыўна друкавалася. Мой лёс фактычна быў перадвызначаны. Прынамсі, ужо ня быў такі, як у бальшыні маіх інтэрнатаўскіх сяброў: пайшлі ў ПТВ, і жыцьцё пасьля зусім ня склеілася. Ну што такое бяздомныя дзеці, якіх выкінулі ў дарослы сьвет у 15–16 гадоў?»
«Чараўнік дакрануўся да мяне, я пачала пісаць і стала пісьменьніцай»
У малалецтве Вольга Іпатава зрабіла сьвядомы і не па-дзіцячы адчайны выбар — сысьці з дому пры жывым бацьку. А каб была жывая маці, захавалася сям’я, ці магла гісторыя павярнуцца зусім іншым чынам? «Цяпер цяжка пра нешта разважаць, — кажа спадарыня Вольга, — але ў дзяцінстве бачыла сябе зусім у іншай ролі»:
«Па маладосьці, па дзіцячай сваёй дурноце я марыла быць актрысай. На што Брыль з уласьцівым яму гумарам казаў: „Воля, ну паглядзі ты на сябе, якая зь цябе актрыса? Будзеш вечна граць „травэсьцішак“ у тэатры. А нябось хочаш быць галоўнай гераіняй, выконваць драматычныя ролі. Ды хто дасьць!“ Ён да маіх фантазіяў ставіўся так, і мне ягоны інтэлектуальны гумар вельмі падабаўся.
Што тычыцца вершаў, то яны пісаліся ад самоты, ад адзіноты. Дзіцячы дом — гэта, я вам скажу, зусім ня цукар, ды яшчэ пасьляваенны. Там зьбіраліся дзеці з самымі цяжкімі сытуацыямі: беспрытульнікі, сіроты, ледзь жывыя, азлобленыя. Уладкавацца, знайсьці сваё месца ў гэтым дзетдомаўскім сьвеце, даволі жорсткім, было надзвычай цяжка. Таму, можа ад гора, а можа ад безвыходнасьці я пачала пісаць вершы. А можа, гэта лёс мяне клікаў, хто цяпер ведае?».
Гісторыя ўцёкаў малалетняй Волі з бацькоўскай хаты ня лепшым чынам паўплывала на стасункі паміж былымі партызанамі Іванам і Міхалам. Аднак яны рэгулярна сустракаліся, разам адпачывалі. Магчыма, у тыя моманты Янка Брыль спрабаваў давесьці сябру, што той ня меў рацыі:
«Захаваўся здымак, дзе мой бацька адпачывае зь Янкам Брылём на Сьвіслачы. Трэба сказаць, што яны ўвесь час падтрымлівалі добрыя адносіны. Вядома, бацька сябе адчуваў ніякавата, але што тут ужо зробіш. Наагул, гэта клясычная сытуацыя: падчарка, мачыха і ўсе ад гэтага наступствы.
Дагэтуль перад вачыма, як бегла зь вёскі ў Дзятлаўскім раёне па шашы ў Наваградак, уцякала ад мачыхі, так дапякло. Іншая справа, што ня кожная падчарка зьбягае з дому. Ня так ужо і рэдка здараецца, што прыходзіць фэя, дакранаецца залатым дубчыкам да дзяўчынкі і робіць яе шчасьлівай. Дык вось для мяне замест фэі такім чараўніком стаў Іван Антонавіч Брыль. Дакрануўся да мяне, і, бачыце, пайшла пісаць і стала пісьменьніцай».
А ці спрабаваў бацька «выцягнуць» дачку зь дзіцячага дому? Ці, ведаючы характар дзіцяці, адразу зразумеў марнасьць такіх высілкаў?
«Ведаеце, мой бацька быў вельмі добры чалавек, але пры гэтым слабавольны, як многія мужчыны, ды яшчэ які перажыў вайну, — адказвае Вольга Іпатава. — Апроч таго, ён быў камуніст, што тады было надзвычай важна. За той мой учынак яго ледзь ня выгналі з партыі — нельга было ўявіць, што зь сям’і камуніста дачка зьбягае ў дзіцячы дом. Спачатку ён працаваў у Міры, потым у Наваградку ў РайФА, а пасьля камуністаў масава кінулі ўздымаць калгасы.
Вось і ён таксама ўзначаліў адну з гаспадарак. І калі б выключылі з партыі, мог адным махам страціць усё. А выгнаць з камуністаў — гэта на той час азначала зачыніць перад чалавекам усе шляхі. Таму, вядома, я прынесла ім вялікую непрыемнасьць, але такім чынам перадусім ратавала сябе. Клясыка жанру: маленькая папялушка, якая замінала новай гаспадыні».
«Хіба я думаў, што з Волечкі хтосьці атрымаецца? Ажно старшыня!»
Пад канец 1950-х падлеткам Вольга Іпатава прыехала да Брыля па своеасаблівае бласлаўленьне. Ці магла яна ўявіць, што празь некалькі дзясяткаў гадоў узначаліць пісьменьніцкую арганізацыю, у якой будзе «камандаваць» сваім «добрым фэем»? Як да такога павароту падзеяў ставіўся сам Іван Антонавіч — з усёй сур’ёзнасьцю, ці, можа, падначваў, гумарыў наконт гэтага?
«Ён да гэтага ставіўся, па вялікім рахунку, з гумарам. Праўда, адначасна яму даводзілася ратаваць твар Саюзу, за што я ўдзячная. Адразу згадваецца 14-ты зьезд Саюзу пісьменьнікаў, я была старшынёй. Напярэдадні склалася цяжкая, нэрвовая сытуацыя, абвастрыліся непаразуменьні, былі спрэчкі, даходзіла да сварак. Паўстала пытаньне: хто ўвогуле адкрые зьезд? Патрэбна была ўплывовая, аўтарытэтная асоба, якая б здолела ўсіх супакоіць. На трыбуну выйшаў Янка Брыль, адкрыў зьезд і вельмі мяне выручыў...
Што тычыцца нашых адносінаў, то, канечне ж, ён мяне падначваў: „Хіба я думаў, што з нашай Волечкі хтосьці атрымаецца? Ажно цэлы старшыня!“ Так часам жартаваў, хоць, вядома ж, гаварыў гэта зь любоўю. Гэта вельмі дарагі для мяне чалавек, і я рада, што Свабода заўсёды яго згадвае. Ён гэтага сапраўды заслугоўвае, бо быў чалавек свабоды».
Янку Брыля ўжо ў сталым узросьце афіцыйныя ўлады занесьлі ў шэраг ідэйных апанэнтаў. Ня толькі не сьвяткаваўся ягоны 85-гадовы юбілей — нават у апошні шлях, кажа Вольга Іпатава, народнага пісьменьніка праводзілі далёка не ў адпаведнасьці зь ягоным статусам:
«Апошнім часам Брыль быў у апазыцыі. Таму, калі ён памёр, яго не пахавалі там, дзе ён павінен быў ляжаць — на Ўсходніх могілках. Там, дзе ёсьць куточак пісьменьнікаў, дзе ляжыць Жэня Янішчыц, дзе Васіль Быкаў, якога, дзеля справядлівасьці, туды проста ўнесьлі, хацеў хтосьці гэтага ці не. Хавалі яго ў Калодзішчах, ад чаго было вельмі горка.
З аднаго боку, чалавек пахаваны, зь любоўю яго праводзілі, сказалі цёплыя словы. Але чаму ня там, дзе ўся пісьменьніцкая грамада, куды можа любы прыехаць, прыйсьці, каб аддаць даніну павагі? Да Калодзішчаў, ведаеце, ня кожны і дабярэцца. Да таго ж там такія велізарныя могілкі, што без адмысловага ўказальніка да магілы Брыля ня трапіць.
Спадзяюся, раней ці пазьней нешта зьменіцца ў нашым грамадзтве, і там паўстане народны мэмарыял. І калі я дажыву да гэтага часу, прыкладу ўсе сілы, каб так і было. Каб гэтае месца таксама стала любімае народам, каб можна было прыяжджаць туды як да мэмарыялу».
«Юбілей не было дзе адзначыць, нас выгналі з Дому літаратараў»
Пры канцы гутаркі Вольга Іпатава згадвае сваё апошняе спатканьне зь Янкам Брылём. Гэта было на беразе Нёмана, удалечыні ад гарадзкога тлуму і падзелаў на «сваіх» і «чужых»:
«Перабіраю здымкі, згадваю сумесныя імпрэзы. Шмат засталося ад таго часу, калі мы выступалі ў Карэлічах — часьцяком туды наведваліся, бо гэта наш раён.
Ганаруся, што мая творчасьць, мой куточак у Карэліцкім музэі — побач зь яго вялікім стэндам. Гэта маленькі, стары музэй, але Брыля там шанавалі, любілі, заўсёды шмат зьбіралася народу на творчыя вечарыны.
Апошні раз я бачыла Івана Антонавіча, калі не гаварыць пра пахаваньне, на ягонае 85-годзьдзе. Часы для пісьменьнікаў былі цяжкія, ды яны і сёньня нялёгкія для нашага Саюзу, які мы, дзякуй богу, зьбераглі. Вось фатакартка, на якой Янка Брыль, мы з мужам, Радзім і Галіна Гарэцкія. Быў ягоны дзень нараджэньня, і мы паехалі да яго ў Крынічнае.
Канечне, гэта павінна было адзначацца на дзяржаўным узроўні, але ён і сам не хацеў нешта ладзіць, дый нас тады з усіх куткоў выганялі, нават з нашага Дому літаратара. Не было дзе нават адзначыць як сьлед, таму павіншавалі на беразе Нёмана.
Вельмі цёпла і шчыра пасядзелі, пагаманілі. Можа, не сказала, ня ведаючы, што больш яго не пабачу, словы ўдзячнасьці, павагі, пашаны, майго захапленьня ягонай асобай чалавека і асобай пісьменьніка. Ну вось, я раблю гэта зараз, у 10-ю гадавіну яго сьмерці...»
Вольга Іпатава нарадзілася ў мястэчку Мір Карэліцкага раёну 1 студзеня 1945 году. Ад 1956 да 1961 году выхоўвалася ў дзіцячым доме Горадні. Пасьля школы вучылася на філялягічным факультэце БДУ. Працавала настаўніцай у вёсцы Руба на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі, загадчыкам сэктару ў Гарадзенскім гаркаме камсамолу, рэдактарам на абласной студыі тэлебачаньня.
Літсупрацоўніца газэты «Літаратура і мастацтва», літкансультант газэты «Чырвоная зьмена». У 1975–1978 — асьпірантка Літаратурнага інстытуту ў Маскве. У 1985–1989 — галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачаньня. Ад 1990-га — намесьніца галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». У 1991–1995 была галоўным рэдактарам газэты «Культура». Цягам 1998–2001 гадоў — намесьніца старшыні, у 2001–2002 — старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.