Санкцыі ЗША супраць Расеі: карысьць альбо шкода для Беларусі? Цыганкоў супраць Карбалевіча

Фота ©Shutterstock

Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч спрачаюцца, што могуць прынесьці Беларусі антырасейскія санкцыі ЗША.

Гэта выгадна Беларусі. Аргумэнты Валера Карбалевіча

1. Беларусь атрымоўвае шанец дыстанцыявацца ад Расеі, рэалізаваць ідэю шматвэктарнасьці, намацаць партнэрскія адносіны з Захадам.

2. Заходні ўплыў на Беларусь павялічыцца. Бо Захад будзе зацікаўлены, каб выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі. У Беларусі стане больш Эўропы. Часткова гэта будзе спрыяць палітычнай лібэралізацыі ў Беларусі.

3. З Расеі ўцякае замежны капітал, замежныя кампаніі. Расейскі рынак становіцца менш канкурэнтным, што пашырае магчымасьці для беларускай прадукцыі.

4. Досьвед мінулых трох гадоў паказаў, што канфлікт Расеі з Захадам, Украінай, Турэччынай Беларусь выкарыстала ў сваіх інтарэсах. Празь Беларусь у Расею ідуць падсанкцыйныя кантрабандныя тавары з гэтых краін. Добра разьвіваецца авіятрансфэр з Украіны ў Расею і назад празь Беларусь.

5. Праблемы з рэалізацыяй газавага транзыту праз Балтыйскае мора, якія могуць узьнікнуць у выніку рэалізацыі санкцый, даюць большыя магчымасьці для транзыту празь Беларусь. Што падвышае транзытны, геапалітычны статус Беларусі.

6. Беларускія афіцыйныя мэдыі трохі дыстанцыююцца ад расейскіх, не ўключаюцца ў гэтую антыамэрыканскую кампанію. Хутка можа зьявіцца ўкраінскі канал, што зможа ўраўнаважыць у пэўным сэнсе расейскі ўплыў. І галоўны чыньнік: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі цяпер выціскаюць тэлебачаньне.

7. Расеі на афіцыйным узроўні цяжка пярэчыць супраць вяртаньня амэрыканскага амбасадара ў Менск. Бо амэрыканскі амбасадар у Маскве ёсьць, а ў Менску няма. Так што, калі гэта адбудзецца, то тут толькі аднаўляецца раўнавага.

Гэта нявыгадна Беларусі. Аргумэнты Віталя Цыганкова

1. Дыстанцыяваньне Беларусі ад Расеі (яшчэ пытаньне, ці яно адбываецца), зусім не азначае набліжэньня да Захаду. Калі з Эўропай нейкія зрухі ёсьць, то ў адносінах з ЗША, акрамя рыторыкі, рэальна нічога не паляпшаецца.

2. Беларусь не пажадала ісьці насустрач МВФ, перамовы спыненыя. Замест гэтага ўзяла крэдыт у Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця — фактычна ў Расеі. Пра якое набліжэньне да Захаду можна казаць?

3. Замежны капітал уцякае з Расеі, але, вядома, не ў Беларусь. У сувязі з санкцыямі Расея ўсё больш будзе вырабляць і купляць свае тавары. Нямецкую тэхніку заменіць не беларуская, а расейская. Нават калі Беларусь і зойме нейкія нішы, якія вызваляцца на расейскім рынку, то гэта кароткатэрміновы посьпех. Бо санкцыі вядуць да ізаляцыі Расеі, а сьледам за ёй і Беларусі, ад сусьветнага рынку.

4. Эўропа даўно прыняла і прымае рашэньне абмежаваць закуп газу і нафты ад аднаго пастаўшчыка. Стратэгічна расейскага газу будзе ўсё менш у Эўропе, адпаведна, і празь Беларусь пойдзе менш.

5. Санкцыі бʼюць па эканоміцы Расеі. А досьвед паказвае, што чым горшая сытуацыя ў расейскай эканоміцы, чым больш звужаецца расейскі рынак, тым горш для эканомікі Беларусі. Калі ўпадзе расейскі рубель — за ім упадзе і беларускі, які на 40 працэнтаў да яго прывязаны. Каму ад гэтага лепш? Досьвед паказвае, што гэта не прывядзе да рэвалюцыі.

6. Антыамэрыканская прапаганда, якая шалее цяпер у Расеі, уплывае і на розумы беларусаў. Бо ў Беларусі пануюць расейскія электронныя СМІ, яны значна больш папулярныя за беларускія.

7. На фоне таго, што ў Расеі выганяюць амэрыканскіх дыпляматаў, вяртаньне ў Менск амэрыканскага амбасадара ўскладняецца. Бо гэта будзе выглядаць як выклік Маскве.