У судзе Маскоўскага раёну Менска абвешчаны прысуд 29-гадоваму супрацоўніку заводу «Керамін» Андрэю Гаўрошу, які ў навагоднюю ноч на парозе ўласнай кватэры быў паранены міліцыянтам Русланам Салаўёвым.
Ён пакараны так званай «хатняй хіміяй» — абмежаваньнем волі тэрмінам на 5 гадоў без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Раней пракурор Алена Крупеніна папрасіла прызначыць Гаўрошу 3 гады пазбаўленьня волі. У сваю чаргу Адвакат Юлія Станкевіч папрасіла апраўдаць свайго падабароннага. Пацярпелы сяржант міліцыі Руслан Салаўёў папрасіў прызначыць Андрэю Гаўрошу пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Гаўроша вызвалілі з-пад варты ў залі суду, ён будзе пастаўлены на адмысловы ўлік.
Міліцыянт распавёў на судзе пра абставіны сутычкі паміж ім і абвінавачаным ў навагоднюю ноч, пра тое, як і чаму страляў у Гаўроша з табэльнага пісталета, і што адбывалася зь ім у пад’езьдзе дому і ў міліцэйскім аддзяленьні пасьля інцыдэнту. Бацька Гаўроша не паверыў ніводнаму слову міліцыянта.
Колішні сьледчы пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску, а цяпер праваабаронца Алег Воўчак адзначаў, што міліцыянт страляў ва ўпор у жыцьцёва важныя органы чалавека, не рабіў папераджальнага стрэлу, а ў Гаўроша ў руках не было прадметаў, якія пагражалі б жыцьцю супрацоўніка міліцыі. Пры стрэле ў сьпіну, кажа Воўчак, немагчыма гаварыць пра самаабарону, і гэта сьведчыць за тое, што агнястрэльная зброя ўжытая неправамерна да бяззбройнага чалавека.