Боты Facebook вынайшлі ўласную мову. Іх за гэта адключылі

Facebook адключыў адну з сыстэмаў штучнага інтэлекту пасьля паведамленьня аб тым, што робаты, вядомыя як Эліс і Боб, сталі размаўляць на ўласнай мове, а не на ангельскай.

Пра гэта паведамляе выданьне Digital Journal.

Паводле задумы распрацоўшчыкаў, боты павінны былі мець зносіны адзін з адным на ангельскай мове. У працэсе навучаньня яны перайшлі на сваю ўласную мову, якую стала немагчыма аналізаваць. Паводле выданьня Tech Times, уласная мова была створаная штучным інтэлектам дзеля таго, каб хутчэй і прасьцей абменьвацца інфармацыяй. Facebook перапраграмаваў іншых ботаў, каб яны маглі выкарыстоўваць у сваіх зносінах толькі ангельскую мову.

Некалькі дзён таму аб штучным інтэлекце паспрачаліся кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг і заснавальнік SpaceX, Tesla і PayPal Ілан Маск. Маск заклікаў улады ЗША ўзмацніць рэгуляваньне сыстэмаў штучнага інтэлекту, папярэдзіўшы, што штучны інтэлект ўяўляе пагрозу для чалавецтва. У адказ Цукербэрг назваў заявы Маска «безадказнымі». На думку заснавальніка Facebook, у бліжэйшыя пяць гадоў штучны інтэлект «будзе толькі паляпшаць жыцьцё».