Дураў абверг перанос часткі сэрвэраў Telegram у Іран

Заснавальнік Telegram Павел Дураў абверг інфармацыю аб пераносе ў Іран часткі сэрвэраў мэсэнджэру. Дураў адзначыў, што іранскія ўлады, магчыма, мелі на ўвазе так званыя CDN-правайдэры, якія выкарыстоўваюцца для паскарэньня абмену інфармацыяй і не захоўваюць зьвесткі пра карыстальнікаў і іх перапіску. Асноўныя сэрвэры мэсэнджэру, як сьцьвярджае Павел Дураў, «ніколі ня будуць» перамяшчацца «у краіны з інтэрнэт-цэнзурай».

Пра тое, што Telegram нібыта перанёс частку сваіх сервераў на тэрыторыю Ірана, раней заявіў міністар інфармацыі і масавых камунікацый гэтай краіны Махмуд Ваэзі. Ён адзначыў, што гэта адбылося пасьля некалькіх сустрэч прадстаўнікоў іранскіх уладаў з мэнэджэрамі Telegram. Дураў выказаў здагадку, што заява Ваэзі — гэта «чарговая фэйкавая навіна ці няправільны пераклад».

Штомесячная аўдыторыя Telegram ў Іране складае каля 40 мільёнаў чалавек. У 2015 годзе ўлады заблякавалі мессенджер, аднак пазьней вярнулі доступ да сэрвісу. Пасьля гэтага ад Дурава запатрабавалі захоўваць перапіску іранскіх карыстальнікаў на тэрыторыі краіны. Нягледзячы на тое, што заснавальнік Telegram адмовіўся выконваць гэтае патрабаваньне, мэсэнджэр працягнуў працаваць.

Расейскія ўлады раней таксама пагражалі блякаваньнем Telegram, патрабуючы пераносу сэрвэраў мэсэнджеру на сваю тэрыторыю. Дураў ў адказ прадаставіў толькі рэгістрацыйныя дадзеныя сэрвісу, пасьля чаго ён быў унесены ў рэестар «распаўсюджвальнікаў інфармацыі».