Бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь ужо паказаў сябе добрым інструмэнтам разьвіцьця турызму і бізнэсу, заявіў міністар спорту і турызму Аляксандр Шамко 29 ліпеня перад журналістамі на фэстывалі «ПраНеба» на аэрадроме Баравая пад Менскам.
Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.
«Сёньня ўжо відавочна, што бязьвізавы рэжым становіцца добрай дзелавой пляцоўкай, — сказаў чыноўнік. — Ён спрыяе ня толькі прытоку турыстаў, але і правядзеньню дзелавых перамоў».
Шамко адзначыў, што паводле беларускага заканадаўства замежныя спартоўцы і трэнэры атрымліваюць уязныя дакумэнты бяз пошліны, аднак увядзеньне кароткатэрміновага бязьвізавага рэжыму дазволіла яшчэ больш аблегчыць для іх уезд у Беларусь.
«Хутка прыйдзе час уносіць зьмены [ва ўказ аб бязьвізавым уезьдзе ў Беларусь] кіраўніку дзяржавы. Безумоўна, зьмены будуць унесены», — заявіў Шамко, маючы на ўвазе павелічэньне тэрміну бязьвізавага знаходжаньня ў Беларусі іншаземцаў.
Ад 12 лютага сёлета дзейнічае пяцідзённы бязьвізавы рэжым уезду для грамадзян 80 краін, уключаючы ЗША і дзяржавы Эўразьвязу, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Менск.
Беларускія ўлады раней заявілі пра намер павялічыць гэты тэрмін да 10 дзён.