Беларусы Кіева адзначылі Дзень незалежнасьці каля мэмарыяльных знакаў беларусам, што загінулі за Ўкраіну

Беларускі цэнтар ва Ўкраіне «Сябры» і прадстаўнікі тактычнае групы «Беларусь» адзначылі Дзень незалежнасьці Беларусі 27 ліпеня каля мэмарыяльнага знаку на Беларускай вуліцы, 22 у Кіеве.

Гэтым мэмарыялам ушанаваныя беларусы, якія загінулі за Ўкраіну. На помніку зьмешчаныя прозьвішчы загінулых беларусаў — Міхася Жызьнеўскага, які загінуў на Майдане ад кулі снайпэра, а таксама Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, якія ваявалі ў складзе тактычнай групы «Беларусь» і загінулі ў Данецкай вобласьці ў жніўні 2015 году.

Перад гэтым зранку яны зладзілі прыбіраньне «народнага» помніка Міхасю Жызьнеўскаму на вуліцы Грушэўскага, дзе вывесілі новы бел-чырвона-белы сьцяг.