Студэнт Шынкевіч ня змог абскардзіць адлічэньне ў судзе. Усё пачалося з паста з крытыкай міністра-камуніста

Крысьціян Шынкевіч

Абноўлена: Суд не знайшоў парушэньняў у адлічэньні Шынкевіча. Сам Шынкевіч і ягоны адвакат лічаць, што парушэньні відавочныя, і зьбіраюцца зьвяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.

***

Суд Маскоўскага раёну Менску ў траўні не задаволіў пазоў студэнта Крысьціяна Шынкевіча да Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка наконт адлічэньня, якое, як ён мяркуе, адбылося з палітычных прычынаў. 27 ліпеня Шынкевіч судзіцца за права працягнуць навучаньне ў Менскім гарадзкім судзе.

Афіцыйнай прычынай адлічэньня называліся пропускі заняткаў, але студэнт адзначае шматлікія парушэньні ў працэсе, у тым ліку тое, што загад быў падпісаны, як ён мяркуе, «задняй датай» — 24 сакавіка:

«Загад падпісаны 24 сакавіка, за дзень да Дня Волі, калі я быў затрыманы ў офісе „Вясны“ АМАПам , потым 26-га быў затрыманы, 27-га судзілі, — распавядае Свабодзе Шынкевіч. — Так ужо шмат робяць, калі студэнта адлічаюць папярэднім днём, каб, калі што, „ён не студэнт“».

За тыдзень да адлічэньня ВНУ ведала, што я хацеў ісьці на Дзень Волі, ведала, што я ўдзельнічаў у «Маршах недармаедаў», вельмі добра ведала, што я ўдзельнічаў у абароне Курапатаў. За гэта некалькі раз выклікалі ў дэканат і праводзілі, як кажуць, «прафіляктычную працу», пагражалі, што калі буду далей гэтым займацца, то адлічаць.

Але першае, з чаго ўсё пачалося, — гэта прызначэньне новага міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Калі яго прызначылі ў канцы 2016 году, я яго крытыкаваў, пракамэнтаваў прызначэньне ў адной з суполак: як камуніст, кіраўнік камуністычнай партыі, у 2017 годзе можа займацца адукацыяй у краіне? Гэта ж немагчыма! Ужо на наступны дзень мяне выклікалі ў дэканат, больш за гадзіну праводзілі «прафіляктычную размову». Нават гэта ВНУ адсачыла і хутка знайшла. Потым Курапаты, недармаеды, затрыманьне АМАП-ам і адлічэньне«.

Таксама Шынкевіч пісаў пра іншыя праблемы ўнівэрсытэту, напрыклад, пра брак туалетнай паперы ў прыбіральнях.

Шынкевіч кажа, што даведаўся пра адлічэньне толькі 28 сакавіка: яму патэлефанавалі з дэканату, каб ён падпісаў згоду з загадам на адлічэньне. Ён пытаў, чаму яму не паведамілі пра загад ад 24 сакавіка ў той жа дзень, калі ён быў на занятках, або 27 сакавіка, калі таксама быў працоўны дзень. Але яму не адказалі ані ў дэканаце, ані ў судзе.

Таксама яму не паведамлялі пра вымову ад 20 сакавіка, пакуль ён сам, падаючы дакумэнты аб адлічэньні, не папрасіў у канцылярыі пазнаёміцца з усімі дысцыплінарнымі спагнаньнямі ў час. У спагнаньнях ён таксама бачыць парушэньні: іх можна даваць за месяц адсутнасьці, яму ж далі за паўтара месяца. Шынкевіч адзначае, што ў загадзе яму налічылі 52 гадзіны пропускаў лекцыяў, але было шмат студэнтаў з пропускам больш як сотні гадзінаў у кожнага, але тых не адлічвалі.

Я хацеў бы скончыць адукацыю ў краіне, але я ведаю, што калі суд мяне адновіць, я проста ня здам бліжэйшую сэсію, як бы ні вучыўся.

«Ёсьць спадзяваньні, што на судзе ўсё будзе добра і мяне адновяць, але спадзяваньні ня вельмі вялікія, — дадае Шынкевіч. — Я хацеў бы скончыць адукацыю ў краіне, але я ведаю, што калі суд мяне адновіць, я проста ня здам бліжэйшую сэсію, як бы ні вучыўся. Асабліва зважаючы на тое, што прыпыняць сваю дзейнасьць я ня вельмі хачу».

Шынкевіча ў траўні не пускалі ва ўнівэрсытэт, каб зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставаньне, бо «ведалі, хто ён такі».

Судзьдзя Алена Рудніцкая, якая разглядала пазоў Крысьціяна Шынкевіча да БДПУ ў Маскоўскім судзе, кажа Шынкевіч, спэцыялізуецца на палітычных адлічэньнях і ніколі не апраўдвала студэнтаў. Яна ж была судзьдзёй на судзе лідэра «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча супраць БДУ (яго адлічылі таксама 24 сакавіка). Таксама Рудніцкая адмовіла заяўніку Дня Волі ў пазове да Менгарвыканкаму, разглядала пазоў «Мілкавіты» супраць журналіста Юрася Карманава.