Ва ўрадзе патлумачылі, чаму ўзгадняюць свае дакумэнты з БРСМ

Будаўнічы атрад БРСМ. Ілюстрацыйнае фота

У дакумэнтах ураду Беларусі выявілі, што прынамсі некаторыя выдаткі на дзяржаўныя праграмы ўзгадняюць з грамадзкім аб’яднаньнем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Гэтая арганізацыя сама ўтрымліваецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў фэйсбуку апублікавала пастанову Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня «Аб зацьверджаньні інструкцыі выкарыстаньня сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на разьвіцьцё сельскагаспадарчай прамысловасьці, рыбацтва і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі».

Пастанова Мінсельгасхарчу ўзгодненая з больш чым двума дзясяткамі міністэрстваў, ведамстваў (у тым ліку з кіраўніцтвам справамі адміністрацыі прэзыдэнта, Міністэрствам фінансаў, Дзяржкаммаёмасьцю, Нацыянальнай акадэміяй навук ды іншымі), старшынямі аблвыканкамаў, а таксама зь першым сакратаром цэнтральнага камітэту грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая

"Усе мы ведаем, што БРСМ фінансуецца зь бюджэту Беларусі, то бок кожны з нас аддае свае грошы на гэта. Задумайцеся, вы сьвядома, самастойна далі б хаця рубель гэтай арганізацыі? Улада сілай забірае ў вас гэты рубель і дае на БРСМ. Насьпеў час узьняць пытаньне, а ці згодныя мы аплочваць гэта? Але гэта яшчэ паўбяды. Нядаўна мне трапіў у рукі цікавы дакумэнт. Мала хто з вас, сябры, ведае, што, да прыкладу, парадак выкарыстаньня бюджэтных сродкаў на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі і рыбацтва трэба ўзгадняць з БРСМ!"—піша дэпутатка Ганна Канапацкая.

Паводле статуту Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — грамадзкае аб’яднаньне, але фінансуецца яно зь дзяржаўнага бюджэту. Грашовую падтрымку БРСМ гарантуе ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 559 ад 17 сьнежня 2012 году «Аб некаторых пытаньнях дзяржаўнай падтрымкі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», указ прэзыдэнта № 6 ад 13 студзеня 2016 году, якім бюджэтнае фінансаваньне працягнутае на 2016–2017 гады.

Свабода запыталася ў прадстаўніка ўраду Беларусі, чаму з аб’яднаньнем, якое само ўтрымліваецца зь бюджэту, трэба ўзгадняць выдаткі, да прыкладу, на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі і рыбацтва?

Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч такім чынам пракамэнтаваў дакумэнт Мінсельгасхарчу, на які зьвяртае ўвагу дэпутатка Ганна Канапацкая:

«Перш чым фармуецца канцэпцыя рэспубліканскага бюджэту, вывучаюцца ўсе прапановы зацікаўленых дзяржаўных органаў, структураў. І з БРСМ, атрымліваецца, таксама. Наколькі я разумею, БРСМ — рознаплянавая арганізацыя (ня тое, што гэта іх профіль), але ў тым ліку яна вырашае некаторыя пытаньні аграрна-прамысловага комплексу. БРСМ праводзіць сваю палітыку, накіраваную на разьвіцьцё АПК. Так што і іхнае меркаваньне ўлічваецца, таму і ідзе ўзгадненьне і з БРСМ таксама».