Афіцыйныя мэдыя пра арышт Аляксандра Кныровіча паведамілі, што бізнэсмэн нібыта вінаваты ў стварэньні карупцыйных схемаў у сыстэме ЖКГ, празь якія неабгрунтавана расьлі тарыфы на ацяпленьне. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асабіста даваў загад на арышт Кныровіча і сказаў, што на ім «кляйма няма дзе ставіць» ды што «ён жа цяпер плачацца, аб памілаваньні просіць».
Мінула паўгода, але больш зьвестак пра справу Аляксандра Кныровіча ў СМІ не трапляла. 25 ліпеня карэспандэнт Свабода зьвяртаўся ў прэсавую службу КДБ, каб даведацца пра лёс справы прадпрымальніка, але там нічога не паведамілі. Дык дзе цяпер Аляксандр Кныровіч?
«Сын знаходзіцца ў вязьніцы КДБ, у „амэрыканцы“. Мы лістуемся. Адчувае ён сябе добра, ня скардзіцца на ўмовы. Займаецца фіззарадкай у камэры, шмат чытае. А што тычыцца віны, дык, наколькі ведаю, ён не прызнае сябе вінаватым. Больш нічога не магу сказаць, каб не нашкодзіць. У яго ёсьць адвакат, таго заўсёды выклікаюць да сьледчага, калі што ня так», — сказаў карэспандэнту Свабоду бацька бізнэсмэна Станіслаў Кныровіч.
Тым часам прадпрымальнікі Ігар Леднік і Ўладзь Рымша ў інтэрнэце пачалі кампанію салідарнасьці з Аляксандрам Кныровічам пад назвай #злодзей_не_кныровіч! Ініцыятыры кампаніі заклікаюць дасылаць лісты Аляксандру і ўсяляк яго падтрымліваць, а таксама дамагацца аб’ектыўнага ды справядлівага разбору ягонай справы.
«Справа Кныровіча пачыналася падобна на „справу патрыётаў“: не пасьпелі чалавека затрымаць, як падключылася БТ, дзе ўжо ўклалі людзям ў вушы, што гэта празь яго нібыта вырасьлі тарыфы на ЖКГ. Потым выказаўся Лукашэнка, што „злодзей мусіць сядзець ў турме“ — і пайшло. Але выглядае, што таксама абвешчанае не адпавядае рэчаіснасьці. Увогуле эканоміка ў краіне — гэта адна вялікая карупцыйная схема, і тое, што бізнэсоўцы трапляюць за краты, стала заканамернай зьявай. Кныровіч працаваў з сыстэмай ЖКГ, як заявілі, нібыта паводле карупцыйных схемаў, між тым гэтыя схемы навязаныя бізнэсу чыноўнікамі. Вось з гэтым найперш трэба разьбірацца. І мы заклікаем ня толькі да салідарнасьці з пэўным бізнэсоўцам Кныровічам, але зьвяртаемся да ўсіх бізнэсоўцаў з заклікам адмовіцца ад навязаных правілаў гульні, празь якія можна трапіць за краты», — піша прадпрымальнік Ігар Леднік.
Паводле ягоных зьвестак, праверкі кампаній Кныровіча з боку кантрольных фінансавых органаў пачаліся ўжо пасьля таго, як бізнэсоўца затрымалі, што можа сьведчыць пра пэўны загад зьверху.