Пуэртарыканскі музыка Луіс Фонс, які пры ўдзеле вакаліста Дэдзі Янкі запісаў песьню Despacito, што стала галоўным хітом лета 2017 году, абурыўся тым, што ўлады Вэнэсуэлы вырашылі выкарыстаць гэты трэк у сваіх мэтах.
Пра гэта сам Фонс напісаў у інстаграме і іншых сацсетках.
23 ліпеня кампазыцыя са зьмененым тэкстам прагучала на мерапрыемстве, арганізаваным прыхільнікамі прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры. Пазьней Мадура, выступаючы па тэлебачаньні, перарабіў словы песьні, агітуючы галасаваць за зьмены ў канстытуцыі.
«Я не даваў дазволу выкарыстоўваць песьню або мяняць яе словы з палітычнымі мэтамі», — падкрэсьліў Фонс і дадаў, што яго музыка ня можа быць выкарыстаная ў прапагандзе. Самога Мадуру ён назваў «дыктатарам» і «злачынцам».
У Вэнэсуэле ўжо некалькі месяцаў працягваецца супрацьстаяньне паміж прэзыдэнтам краіны Нікаласам Мадурам і апазыцыяй.
Прычына незадаволенасьці — найглыбейшы эканамічны крызыс, выкліканы падзеньнем сусьветных коштаў на нафту, галоўны экспартны прадукт краіны. Ад пачатку красавіка ў краіне працягваюцца забурэньні.
Despacito нядаўна пабіў сусьветны рэкорд папулярнасьці стрымінгавых сэрвісаў: за паўгоду хіт праслухалі 4,6 мільярда разоў.