17-ы месяц запар беларусы прадаюць больш валюты, чым купляюць

Фота ©Shutterstock

Так званы чысты продаж валюты, калі насельніцтва здае больш валюты, чым купляе, адбываўся і ў чэрвені 2017 году.

Працэс пачаўся яшчэ летась у лютым і не спыняецца. Толькі сёлета людзі здалі ў абменьнікі на 1 мільярд 113 мільёнаў даляраў болей, чым набылі. А калі лічыць і зьняцьцё грошай з валютных рахункаў, то сума выглядае яшчэ большай — 1 мільярд 340 мільёнаў, — адзначае доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба.

На думку экспэрта, «беларусам нічога не застаецца, як падтрымліваць свае даходы, якія ўвесь час зьніжаюцца, за кошт праяданьня назапашанага».

Гэтыя лічбы пацьвярджае і былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, якога ў чэрвені запрасілі ў Нацбанк на нараду. На пытаньне, чаму беларусы нясуць валюту ў банкі, прафэсар Багданкевіч адказаў так: «Нашы людзі вераць больш даляру, чым рублю. І калі яны так робяць, значыць, да гэтага іх прымушае жыцьцё».

За 17 месяцаў чысты продаж валюты насельніцтвам Беларусі склаў 3 мільярды 200 мільёнаў даляраў. Менавіта гэтыя грошы значна дапамаглі забясьпечыць стабільнасьць беларускага рубля.

Паводле фінансістаў, у скарбонках беларусы могуць трымаць яшчэ прыкладна да 7 мільярдаў.

Раней попыт на валюту фізычных асобаў перавышаў прапановы. Былі нават такія пэрыяды, апошні раз у сьнежні 2014 году, калі насельніцтва мела жаданьне набыць валюты на паўмільярда болей, чым прапаноўвалі банкі.