Ініцыятыўныя групы зь менскіх раёнаў Зялёны Луг і Ўсход перадалі ў адміністрацыю Першамайскага раёну 5690 подпісаў пад 30-старонкавым зваротам супраць плянаў «ушчыльненьня» ўчастку ўздоўж вуліцы Каліноўскага, перадае грамадзкае аб’яднаньне «Экаград».
У звароце падрабязна апісваюцца прычыны нязгоды з праектам дэталёвага плянаваньня, грамадзкае абмеркаваньне якога трывала з 1 па 25 ліпеня. Мясцовыя жыхары супраць таго, што будзе зьнішчаная зялёная зона; супраць адсутнасьці ў праекце новых дзіцячых садкоў, школаў і паліклінік; супраць адсутнасьці плянаў упарадкаваньня ўжо збудаваных кварталаў. Таксама жыхароў турбуюць нестыкоўкі ў плянах, што «дазволяць далей маніпуляваць лічбамі і павялічыць плянаваны аб’ём уводу жытла з 91 тысячы м² да 253,9 тысячы, а прырост насельніцтва — з 2600 да 8600 чалавек». Да таго ж вуліцы Каліноўскага можа пагражаць павелічэньне транспартнай плыні — пляны ў будаўніцтве «трэцяга транспартнага кольца» акрэсьленыя неадназначна.
Два дзясяткі ініцыятыўных групаў ужо зьвярталіся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, КДБ, ураду і дэпутатаў у сувязі з прэзэнтацыяй шэрагу праектаў «ушчыльненьня», што распрацоўваліся без удзелу грамадзянаў, іх думкі і патрэбаў.
Пэтыцыя наконт вуліцы Каліноўскага — не адзіная, якая цяпер зьбірае подпісы супраць «ушчыльненьня» ў Менску. Напрыклад, пэтыцыя супраць зносу Асмалоўкі сабрала больш за 7000 подпісаў, плян зносу раёну быў адхілены. А Трактарны пасёлак пачалі зносіць да грамадзкага абмеркаваньня, нягледзячы на пэтыцыю з амаль тысячай подпісаў.