Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый пацьвердзіла ўдзел каманды з Расеі ў чэмпіянаце сьвету, які пройдзе з 5 па 13 жніўня ў Лёндане. 19 расейскіх спартоўцаў выступяць пад нэўтральным сьцягам. Больш за 100 заявак асацыяцыяй адхіленыя, перадае Associated Press.
Летась у ліпені расейскіх лёгкаатлетаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах пасьля публікацыі дакладу незалежнай камісіі Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва аб маштабных парушэньнях антыдопінгавага рэглямэнту ў расейскім спорце.
Першага сакавіка, выступаючы на нарадзе па падрыхтоўцы да Ўнівэрсіяды 2019 году, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызнаў правал расейскай антыдопінгавай сыстэмы. У ліпені распараджэньне, якое зацьвярджае комплекс захадаў для барацьбы з ужываньнем допінгу ў расейскім спорце, падпісаў прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.