Дзяржаўная сымболіка: наша ці не? Дракахруст супраць Навумчыка

Падчас юніёрскага чэмпіянату Эўропы па лёгкай атлетыцы беларуская спартоўка Віялета Скварцова пакінула п’едэстал праз пераблытаны гімн. Гэта выклікала гарачыя спрэчкі ў сацыяльных сетках. Адны хваляць дзяўчыну за патрыятызм, а іншыя — ганяць за здраду сапраўдных беларускіх сымбаляў. І Юры Дракахруст, і Сяргей Навумчык сышліся ў тым, што Віялета Скварцова зрабіла патрыятычны ўчынак. Але вось у ацэнках стаўленьня грамадзтва да сучаснай дзяржаўнай сымболікі іх пазыцыі разышліся.​

Аргумэнты Юрыя Дракахруста:

  • Вырасьлі пакаленьні, для якіх цяперашняя дзяржаўная сымболіка — «свая», і для іх не істотна, як яна гістарычна абгрунтаваная.
  • Тым, хто любіць Бацькаўшчыну, няма патрэбы выходзіць на вуліцы пад «чырвона-зялёным» сьцягам — ён дзяржаўны і вісіць над лукашэнкаўскай адміністрацыяй.
  • Зусім ня факт, што пасьля Лукашэнкі ў парлямэнт будуць абраныя тыя, хто прагаласуе за вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў.
  • Нельга вярнуцца ў 1994 год ці да Трэцяй статутнай граматы. Нельга зрабіць выгляд, што гэтых двух дзесяцігодзьдзяў Лукашэнкі не было і сказаць — «Давайце вернемся ў той час, калі...» Праехалі.
  • Каб вярнуць нацыянальную сымболіку, давядзецца пазмагацца.
  • Нельга сказаць, што людзі проста ня ведаюць поўнай інфармацыі пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта — XXI стагодзьдзе, людзі жывуць у Інтэрнэце, і ў іх ёсьць свабодны доступ да якой заўгодна інфармацыі.
  • Нельга ігнараваць «чырвона-зялёны» патрыятызм.


Аргумэнты Сяргея Навумчыка:

  • Сучасная дзяржаўная сымболіка не зьяўляецца легітымнай, паколькі яна была прынятая на нелегітымным рэфэрэндуме, прызначаным з парушэньнем Канстытуцыі, законаў, са зьбіцьцём дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, які прайшоў з фальсыфікацыямі.
  • Сучасная дзяржаўная сымболіка ня мае гістарычных традыцыяў — у адрозьненьні ад «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. Цяперашнія дзяржаўныя герб і сьцяг супрацьпастаўляюцца сапраўдным нацыянальным каштоўнасьцям і спрыяюць, у выніку, «русскому миру».
  • Ня толькі на акцыі пратэсту ці ў абарону Курапатаў людзі выходзяць пад бел-чырвона-белым сьцягам — але і ў абарону незалежнасьці, дзяржаўнасьці Беларусі. Вельмі паказальна, што ў абарону дзяржаўнасьці — выходзяць не пад цяперашнім дзяржаўным, а пад нацыянальным сьцягам.
  • Тое, што людзі могуць свабодна вызначаць пазыцыи ў дачыненьні да сымбаляў на падставе свабоднага доступу да інфармацыі — ілюзія. Большасьць людзей у Інтэрнэце сядзець у «Одноклассниках» і на расейскіх сайтах, а самай магутнай сілай застаецца тэлебачаньне, па якім ідуць некалькі расейскіх каналаў і дзяржаўныя беларускія, дзе бел-чырвона-белы сьцяг называлі «фашыстоўскім».
  • Ёсьць толькі адзін выпадак, калі выкарыстаньне дзяржаўнай сымболікі беларускімі патрыётамі дапушчальнае: гэта калі адсутнічае альтэрнатыва (напрыклад, на пашпарце ці аўтамабільных нумарах, для спартоўцаў — на спаборніцтвах).