Двух расейцаў, абвінавачаных у вырабе і продажы псыхатропаў, судзяць у Барысаве

Злачынная дзейнасьць меркаваных наркадылераў была спыненая ў сакавіку. Паводле Сьледчага камітэту, адзін з затрыманых грамадзянаў Расеі знарок прыехаў у Барысаў, каб на арэндаванай кватэры наладзіць падпольную лябараторыю для вырабу псыхатропаў. Праз пэўны час ён далучыў да справы свайго знаёмага, які таксама прыехаў з Расеі.

Як даводзяць сьледчыя, вырабленыя ў лябараторыі наркотыкі затрыманыя прадавалі партыямі дробным дылерам праз закладкі ў схованкі. Сьледзтва мае зьвесткі пра больш як 250 закладак памерам ад 50 да 100 грамаў. У тайнай лябараторыі меркаваных злачынцаў было знойдзена агулам больш за паўкіляграма розных наркатычных рэчываў.

Прозьвішчаў абвінавачваных расейцаў Сьледчы камітэт не паведаміў. Вядома, што адзін з падсудных 1992 году нараджэньня, другі на год маладзейшы. Працэс над меркаванымі наркадылерамі будзе адкрыты, паведамілі ў Барысаўскім судзе.