Прэзыдэнт Азэрбайджану ўручыў журналістам 225 кватэр

Урад Азэрбайджану ліпеня вылучыў 225 кватэр журналістам. Падарунак прымеркавалі да Дня нацыянальнага друку.

Усе кватэры разьмяшчаюцца ў адным 17-павярховым доме, перадае прэс-служба азэрбайджанскага прэзыдэнта. Гэта ўжо другі дом, пабудаваны адмыслова для журналістаў. Ільхам Аліеў паведаміў, што цяпер закладзены трэці дом для журналістаў — яшчэ на 255 кватэр.

«Гэта чарговае праяўленьне ўвагі дзяржавы пра азэрбайджанскую журналістыку, — цытуе прэс-служба прэзыдэнта. — Азэрбайджанская журналістыка разьвівае і адыгрывае вельмі станоўчую ролю ў грамадзтве. Свабода выказваньня забясьпечана ў Азербайджане».

Па словах Аліева, журналісты, што атрымалі кватэры, належаць да розных палітычных спэктраў.

«Людзі з рознымі палітычнымі поглядамі, якія належаць да розных партый, будуць жыць тут разам, як адна сямʼя», — сказаў Аліеў.

У Азэрбайджане бясплатна выдаюць кватэры з 2013 года. Права на жыльлё даюць журналістам, якія бесьперапынна прапрацавалі ня менш за тры гады ў адным СМІ, і якія маюць ня менш за 10-гадовы стаж працы ў журналістыцы.

У той жа час міжнародныя праваабарончыя арганізацыі крытыкуюць Баку за парушэньне правоў журналістаў. Арганізацыя Freedom House ў 2017 годзе паставіла Азэрбайджан у групу «несвабодных» краінаў па індэксе свабоды СМІ.

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Баку Хадзіджа Ісмаілава, якую арыштавалі пасьля публікацый пра карупцыю сямʼі азэрбайджанскага прэзыдэнта, павіншавала журналістаў, якія «не атрымалі кватэру ў якасьці хабару».