На вуліцы Талбухіна, 5 у Менску абрынуўся гаўбец кватэры на трэцім паверсе. Уся бэтонная падлога ўпала на гаўбец ніжняй кватэры. Пры гэтым ніхто не пацярпеў.
Два месяцы таму гаспадар зьвяртаўся ў ЖЭС. Паводле яго, у кватэру прыходзіла камісія, але спэцыялісты ня выявілі пашкоджаньняў. Гаспадар настойваў, каб гаўбец адрамантавалі. Ён меркаваў, што можа здарыцца няшчасны выпадак. Тады яму паабяцалі, што да верасьня гаўбец адрамантуюць.
«Я ведаў, што ён абрынецца два месяцы таму. Я выйшаў на гаўбец, і ён пада мной хруснуў, — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе на месцы здарэньня. — На гаўбец ужо два месяцы не выходзіў, нават сабаку не выпускаў».
Жыхары суседніх дамоў кажуць, што чулі гучны ўдар.
За імгненьне да таго, як абрынуўся гаўбец, побач праходзіла жанчына. Але ў апошні момант яе адцягнуў сабака далей ад дому.
«Дзякуй Богу, ніхто не пацярпеў», — паведаміў сьведка Свабодзе.
Пазьней на месца здарэньня прыйшлі супрацоўнікі патрульна-пастовай службы, а затым прыехалі ратавальнікі. З гаўбца на другім паверсе пакуль не прыбралі бэтонныя абломкі. Месца пад гаўбцом агарадзілі стужкай.
Па словах жыхароў, у 2009 годзе ў доме скончылі капітальны рамонт.