Украінскае правасудзьдзе кваліфікавала акцыю Femen «Жыве Беларусь» у Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі як крымінальнае злачынства.
У часе сьледзтва выканаўца — украінка Анжэліна Дыяш — на два месяцы пазбаўлена права на выезд за межы Кіева і краіны. Згодна з рашэньнем суда, яна здала свой замежны пашпарт, але не зьбіраецца прыпыняць сваю грамадзкую дзейнасьць. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода.
— Як сябе адчуваеце пасля ночы ў ізалятары?
— Адчуваю сябе зьнясіленай, але не зламанаю. Ніякага фізычнага ўзьдзеяньня на мяне не было, але бралі зморам і да поўначы не дапускалі адваката. Але ўжо ўсё ў мінулым.
— Чым вы займаецеся ў жыцьці, і ці ёсьць ваш удзел у Femen ідэалягічным выбарам?
— Гэта мой сьвядомы выбар, які я зрабіла вельмі даўно. І зараз я разам з Femen змагаюся. А спэктар маіх заняткаў — вельмі шырокі і разнастайны: займаюся выкладаньнем ангельскай мовы, здымаюся ў якасьці мадэлі. Зрэшты займаюся творчасьцю.
— У вас ёсьць нейкая сувязь зь Беларусьсю? Чаму менавіта вы праводзілі гэтую акцыю?
Народ зьбяднеў, Беларусі патрэбна дэмакратыя, а не дыктатура! Таму я хацела дастукацца да людзей, прыцягнуць увагу да гэтага, прадэманстраваць нашую грамадзянскую пазыцыю.
— Я бывала ў Беларусі, у Гомелі. У мяне і сябры ёсьць зь Беларусі, якія абураюцца тым, што, каб паслухаць сваіх любімых беларускіх выканаўцаў, якія забароненыя ў Беларусі, яны вымушаныя езьдзіць ва Ўкраіну. Гэта абсалютная бязглузьдзіца. Калі мне знаёмыя дызайнэры зь Беларусі кажуць, што яны вымушаныя рабіць свае вырабы па ГОСТу. Даруйце, але мне здаецца, што беларусы жывуць вельмі ізалявана, пад нейкай сваёй жалезнай заслонай. Там на зьмену жорсткаму рэжыму Савецкага Саюза адразу прыйшоў рэжым Лукашэнкі. Народ зьбяднеў, Беларусі патрэбна дэмакратыя, а не дыктатура! Таму я хацела дастукацца да людзей, прыцягнуць увагу да гэтага, прадэманстраваць нашую грамадзянскую пазыцыю. А хто пэрсанальна гэтую акцыю праводзіў — ужо ня мае значэньня.
Your browser doesn’t support HTML5
— Пасьля ночы ў ізалятары і падпіскі аб нявыезьдзе, не шкадуеце пра свой учынак?
— Ведаючы гэтыя наступствы, я б усё роўна правяла б гэтую акцыю. Падпіска пра нявыезд — гэта паказальнае, несправядлівае і няправільнае рашэньне. Але я б усё роўна не адмовілася б ад гэтай акцыі. І нягледзячы на ўсё, я і далей буду пратэставаць і адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю.
— Вы пасьпелі заўважыць рэакцыю прэзыдэнтаў, калі вас выводзілі з залі?
— Не, не пасьпела. Я да іх была сьпінай, але абавязкова потым пагляджу па відэа. Разумею, што зараз я наўрад ці траплю ў Беларусь, але мы будзем даставаць яго (Лукашэнку) адсюль.
— У грамадзтве, як ў Беларусі, гэтак і ва Ўкраіне, па рознаму паставіліся да вашай акцыі. Адны мяркуюць, што такім чынам вы дыскрэдытавалі без таго слабую ў Беларусі апазыцыю, іншыя выказваюць вэрсію, што ваша акцыя не магла прайсьці бяз згоды ўкраінскай улады...
— Не. Калі мы рыхтавалі гэтую акцыю, мы сабраліся зь дзяўчатамі і вырашылі, што на грудзях будзе менавіта надпіс «Жыве Беларусь». Бо цяпер, па сутнасьці, краіна не жыве. Я лічу гэты надпіс вельмі ўдалым. Зразумела, што не хацелася пераходзіць на асабістыя абразы, бо ўсе і так усё разумеюць. Гэта была праява нашай падтрымкі грамадзянаў, мы хацелі паказаць, што яны не ў адзіноце.
— Вядома, што вы трапілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта па журналісцкім пасьведчаньні. Можаце паведаміць падрабязнасьці?
— Гэта наш маленькі сакрэт. Мы заўсёды трапляем туды, куды мы хочам.
— А не баіцеся, што падчас сьледзтва вам будзе вылучана дадатковае абвінавачаньне ў падробцы дакумэнтаў?
— Пажывем — пабачым. Вядома, могуць зрабіць усё што заўгодна.