Пячэрскі раённы суд Кіева вызваліў Анжэліну Дыяш, якая зладзіла акцыю пад час супольнай заявы прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны, пад падпіску пра нявыезд.
Судзьдзя абавязаў дзяўчыну здаць пашпарт.
Дыяш заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода, што лічыць рашэньне несправядлівым, што шакаваная, але будзе выконваць.
Your browser doesn’t support HTML5
Такім чынам, суд задаволіў адпаведнае хадайніцтва абвінавачаньнья.
«Асоба ўчыніла крымінальнае правапарушэньне, ёсьць адпаведныя доказы. Паколькі ёсьць рызыкі, што яна можа ўхіляцца ад сьледзтва, просім абраць для яе такую меру стрыманьня, як асабістыя абавязаньні», — заявіў пракурор.
Адвакат прасіў суд вызваліць Анжэліну Дыяш без умоваў, паколькі яе дзеяньні трэба расцэньваць як палітычны пратэст, а не хуліганства.
«Няма ніякіх доказаў таго, што яна будзе ўхіляцца ад сьледзтва. Яна будзе браць удзел ва ўсіх дзеяньнях, каб давесьці сваю невінаватасьць», — падкрэсьліў адвакат Яраслаў Яцэнка.
«Я ня бачу ў сваіх дзеяньнях хуліганства. Гэта была акцыя, якая засьведчыла маю грамадзянскую пазыцыю», — заявіла актывістка Femen.
На судовым пасяджэньні Анжэліна Дыяш паведаміла, што мае спэцыяльнасьць выкладніка ангельскай мовы, але цяпер не працуе.