Ужываньне сьмяротнага пакараньня супярэчыць заяўленай гатоўнасьці Беларусі супрацоўнічаць зь міжнароднай супольнасьцю.
Пра гэта заявіла Мая Кацыянчыч, прэсавы сакратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы, у сувязі з двума новымі сьмяротнымі прысудамі ў Беларусі, вынесенымі Магілёўскім абласным судом Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному.
Прэсавая прадстаўніца Фэдэрыкі Магерыні нагадала, што Эўразьвяз працягвае падымаць пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня зь беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях, у тым ліку на сустрэчы ў рамках Дыялёгу па правах чалавека ў Брусэлі 20 ліпеня.
Ад пачатку году ў Беларусі выкананы адзін сьмяротны прысуд. Быў расстраляны жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў. Жыхар Мазыра Кірыл Казачок і Аляксей Міхаленя з Нароўлі чакаюць сваёй чаргі.