Адвакат Яраслаў Яцэнка, які абараняе актывістку Femen Анжэліну Дыяш, затрыманую сёньня пасьля таго, як яна выбегла аголенай перад Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам з надпісам «Жыве Беларусь» на грудзях, дагэтуль знаходзіцца ў Пячэрскім раённым аддзяленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
«Пакуль невядома, у чым яе абвінавачваюць. Мяне да яе не дапускаюць. Некалькі хвілінаў таму, яна паведаміла, што ў яе забралі ўсе рэчы і спрабавалі прызначыць дзяржаўнага адваката. У той жа час да яе пусьцілі супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны», — паведаміў Свабодзе Яраслаў Яцэнка.
«Калі ёй будуць інкрымінаваць дробнае хуліганства, затрымліваць ня будуць. А калі будзе крымінальная справа, то яе могуць затрымаць на трое сутак і на працягу гэтага тэрміну зьвярнуцца ў суд для абраньня меры стрыманьня», — патлумачыў адвакат.
Яраслаў Яцэнка таксама дадаў, што зьвярнуўся да паліцыі з заявай пра злачынства паводле факту парушэньня права актывісткі на абарону.