Як беларусы будавалі свой дом?

У культурным фондзе чалавецтва знойдзецца ня так шмат унівэрсальных значэньняў, аднолькава дарагіх і для ірляндца, і для жыхара мангольскіх стэпаў, і для расейца, і для беларуса. Дом — адна з такіх каштоўнасных катэгорыяў, якая не падлягае дэвальвацыі цягам усёй гісторыі, незалежна ад таго, пра што прадметна вядзецца гаворка: пра сялянскую хату ці пра палац Радзівілаў. Род, сям’я, утульнасьць, абароненасьць, камфорт... Цяжка нават перабраць усе пазытыўныя сэнсы, якія мы зьвязваем у сьвядомасьці з домам, сваім домам. І ўсё ж размова наша пойдзе пра тое, што азначаў, чым быў і чым ёсьць дом для беларускага вяскоўца, жыцьцёвы лад якога істотным чынам адрозьніваецца ад побыту сучаснага гараджаніна. Размова з этнакультуролягам, кандыдатам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: У беларускіх легендах аб стварэньні сьвету прыгадваецца, як узьніклі зямля, лес, балота, пагоркі і вадаёмы — пазнавальныя элемэнты прыроднага ляндшафту Беларусі. Але ці ўзгадваецца ў беларускай міталёгіі будаваньне першага дома на сваёй зямлі?

Уладзімер Лобач: Такія згадкі, і вельмі знакавыя, у беларускім фальклёры ёсьць. Першая хата зьяўляецца ў выніку творчай супрацы людзей і Бога:

«Як сьвет пачаўся, людзі ня ведалі, як хату станавіць, нарэшце паставілі якуюсьці хату; зноў ня ведалі, што зрабіць, каб відно было. Так адна жонка ўсё носіць рэшатам слонка і пускае ў хату, а мужык мяшком. Аннож ідзе чалавек, хоць бедны, а такі разумнейшы ад іх. Падыйшоў, даў пахвалёны і кажа: „Што гэта вы, людзі, робіце?“ Яны пачалі бедаваць: „От паставілі хату, да ніяк слонка не наносім, усё цёмна да цёмна“. Той чалавек кажа: „Што вы мне дасьцё, то я вам упушчу слонка ў хату?“ Яны кажуць: „Што хочаш, тое дамо“. А ня ведалі, што гэта быў сам Бог. Так ён ім і кажа: „Я нічога ад вас не хачу, адно дайце слова, што кажон тыдзень прымеце жабрушчага чалавека, якога пакорміце і пазволіце пераначаваць“. Яны згадзіліся на тое. Тады Бог ім вокна паўрэзваў, і відно ў хаце стала».

Прыведзены прыклад вельмі красамоўна паказвае сымбалічную нагрузку тэхналягічных паўнамоцтваў людзей і Бога ў працэсе стварэньня чалавечага жытла. Будынак хаты, узьведзены людзьмі, акрэсьлівае чалавечую прастору, адмяжоўвае яе ад зьнешняга сьвету. Але менавіта вокны, прасечаныя Богам, арганічна ўпісваюць чалавечае жыльлё ва ўпарадкаваны Космас, зьвязваюць са сьветам касьмічных зьяваў і працэсаў, такіх, як сонца (месяц), бакі сьвету, ляндшафт, чаргаваньне сьвятла і цемры, дня і ночы, зімы і лета.

Вячаслаў Ракіцкі і Ўладзімер Лобач у студыі Свабоды

— А ці быў нейкі міталягічны ўзор, так бы мовіць, праект для будаўніцтва першай чалавечай хаты?

— Вобраз ідэальнай і ўзорнай Богавай сядзібы надзвычай актуальны для абрадавых песьняў каляднага і велікоднага рытуалаў, калі адбываецца аднаўленьне касьмічнага сьветаладу на новым вітку часавай сьпіралі:

«Да хадзілі, гулялі калядоўшчыкі,
Каляда, каляда!
Да сачылі, пыталі багатага двара.
Багаты двор — Пятра дом.
Каля яго двара ўсё шаўковая трава,
Усё шаўковая трава, усё жалезны тын,
Стаўбы тачоныя, пазалачоныя, вароціткі сярэбраныя,
Падваротніцы — рыб’і костачкі, зашчэпачкі медзяныя.
На яго двары ды чатыры церамы стаяць:
У першым цераму — ясен месяц,
Другі церам — ясна зара,
Трэці церам — дробны зьвёздачкі,
Чацьвёрты церам — буён вецер.
Ясен месяц — сам гаспадар,
Ясна зара — яго жана,
Дробны зьвёздачкі — яго дачушкі,
Буён вецер — яго сыны».

Сядзіба — увасабленьне жыцьцёвай долі чалавека і ягонай сям'і

Па сутнасьці, дом і сядзіба ў цэлым разумеліся як цэнтар сьвету, адзначаны ў сьвяточны дзень прысутнасьцю самога Бога, які парадкуе ня толькі прастору, але і час. Так, у валачобнай песьні пяецца:

«Адчыні акно
На ўсход сонца,
Да й глянь на двор,
Што на двору
Да й дзеецца,
Лялеецца.
Стаіць явар
Шырок, зялён,
На тым явары
Стаіць крэсла
Залатое.
На тым крэсьле
Сам Бог сядзіць,
Каля яго
Служкі яго
Шыкуюцца,
Рахуюцца,
Катораму сьвятцу
Упярод стаці».

— У беларускім фальклёры дом сапраўды мае надзвычайныя касьмічныя рысы. Але наколькі міталягічныя характарыстыкі чалавечага жытла знаходзілі сваё адлюстраваньне ў будзённасьці?

— Паказальны ў нашым выпадку будаўнічы рытуал беларусаў, які яшчэ ў канцы ХІХ і ў ХХ стагодзьдзях захоўваў выразныя касмалягічныя асновы міталягічнага першаўзору. У прыватнасьці, размова ідзе пра рэалізацыю міталягічнай мадэлі сьвету ў структуры канкрэтнай сядзібы. На Падзьвіньні, «калі аблюбавана ўжо месца пад сялібу ці на сваёй „вячніне“ ці на „чужанцы“, гаспадар зьбірае з чатырох розных палёў па адным нягладкім камені, нясе іх ці ў шапцы на галаве, ці „запазушшу“, ля голага цела, і кладзе на абранае месца чатырохкутнікам, бок якога не павінен быць большы за дзевяць крокаў, і „жыгнаіць“ тое месца і пакладзены камень. Стаўшы на сярэдзіне чатырохкутніка, гаспадар кладзе шапку на дол і чытае пацеру з дабаўленьнем просьбы да дзядоў — памагчы аблюбаванай сялібе. Калі праз тры дні камяні застануцца некранутымі, сяліба абраная ўдала».

Кожны вясковы дом мае сваё непаўторнае мастацкае аблічча

Калі расшыфраваць сымболіку гэтага дзейства, то мы ўбачым, што гаспадар арыентуе будучае жытло на чатыры бакі сьвету ў гарызантальнай плашчыні і фармуе малітвай яго трохчасткавую вэртыкальную структуру, зьвярнуўшыся да Бога (неба) і Дзядоў (сьвету памерлых). У тэхналягічным пляне небу адпавядае дах і гарышча, сьвету людзей — зруб, жылое памяшканьне, а падземнаму ярусу — падваліны хаты. Дарэчы, слова «вянок», якім пазначаецца зруб хаты, таксама паказвае касьмічную сутнасьць чалавечага дому, бо ў мэнтальным пляне апэлюе да ідэальнай, бясхібнай формы круга, хоць насамрэч зруб заўсёды чатырохкутны. Адсюль і беларускае выслоўе: быць, рабіць «як у вянку (вяночку)» — вельмі добра, пасьпяхова. Да месца будзе прыгадаць, што менавіта ў часе будаўніцтва магічным чынам закладаецца і доля людзей, якія будуць жыць у новым доме. Па ўсёй Беларусі быў распаўсюджаны звычай класьці срэбныя манэты пад першы ці трэці вянец меркаванай покуці — гэта мусіла гарантаваць людзям здароўе і заможнае жыцьцё. На Барысаўшчыне на кутні камень падмурку прамаўлялі спэцыяльны прыгавор:

«Як хату стаўлялі, дзе кутавы камень, дзе кут ужо пазначаюць, кажуць тады, прыгаварваюць: „Як у моры вутцы дзяцей не вывадзіць, так у гэтай хаце пажару ня быць“. На трэці вянец клалі грошы, а гэта на камень прыгаварвалі».

Покуць — сьвятое месца ў хаце

​Тут важна падкрэсьліць, што дом заўсёды выступае як увасабленьне жыцьцёвай долі канкрэтнага роду (сям’і). Пры гэтым характэрна, што само слова «дом» у індаэўрапейскіх мовах пачаткова азначала ня толькі жылы будынак, але і ўласна сям’ю.

— Натуральна, што ў Беларусі, лясной краіне, найбольш прыдатны матар’ял для вясковага дойлідзтва — драўніна хваёвых пародаў, найбольш трывалая і даўгавечная. Можа, у нашых продкаў былі і дадатковыя патрабаваньні да лесу пад будоўлю, пра якія сучасны чалавек і не здагадваецца?

—Акрамя ўтылітарных патрабаваньняў да драўніны, існаваў цэлы комплекс сымбалічных нормаў, абумоўленых міталягічным сьветапоглядам. Напрыклад, забаранялася браць на будоўлю дрэва, паваленае бурай, хай сабе і фізычна моцнае. Лічылася, што такое дрэва паваліў чорт, які і можа пасяліцца ў новай хаце. Таксама пад забаронай было дрэва, што ад сякеры ўпала на поўнач: у доме тады будуць часта паміраць жыхары, а ў хляве — быдла. Абміналі і рыпучае дрэва, якое магло стаць прычынай хранічнага кашлю людзей у доме, а таксама дрэва, адзначанае перуном, бо ў гэтым выпадку новая хата мусіла неўзабаве згарэць ад пажару. А вось хвоя, каля якой разьлёгся мурашнік, лічылася «шчасьлівым дрэвам», бо несла ў дом працавітасьць, гаспадарчы плён і прыбытак. Калі ж такое дрэва выкарыстоўвалі пры будоўлі хлява, то гэта мелася паспрыяць плоднасьці свойскай жывёлы.

— У сытуацыі, калі хату будаваў ня сам гаспадар, а найманыя прафэсійныя цесьляры, па сутнасьці — чужыя людзі, ці не было пагрозы шкадлівых магічных маніпуляцыяў зь іхнага боку?

— Пагроза такая існавала. Асабліва калі закладалі першы вянок — эталён, узор усім астатнім. У гэты адказны момант зламысьнікі маглі «закласьці на сьмерць» усю сям’ю. На Віцебшчыне верылі, што калі дрэнна дагаджаць майстрам ці калі сярод іх «злосьнік» сям’і, то трэба асьцерагацца, што ён навядзе на дом рознае насланьнё: гніль, пажар, буру, калецтвы, хваробы і нават сьмерць. Звычайна гэта рабілася, калі секлі першае бервяно. Удараючы крыж-накрыж сякераю па бервяне і трымаючы ў галаве задуманую шкоду, майстар кажа: «Так! Няхай будзе так!» І што ён задумаў, тое абавязкова збудзецца. Калі гаспадар падазраваў падобныя чары з боку цесьляра, тады даводзілася раскідаць зруб і запрашаць новых майстроў. Але збольшага імкнуліся мець зь цесьлямі добрыя і прыязныя адносіны. У гэтым выпадку майстра таксама мог зрабіць заклён, але не на людзей, а на прусакоў, каб тыя ніколі не вяліся ў хаце.

Кожны гаспадар імкнуўся, каб вокны ягонай хаты выглядалі па-асабліваму сьвяточна

— Ставіць новую хату — справа надзвычай адказная, і таму цалкам зразумелае мноства магічных дзеяньняў, скіраваных на забесьпячэньне дабрабыту сям’і. Ці былі ўласьцівыя беларусам магічныя практыкі ў доме ў звычайным, будзённым жыцьці?

— Яшчэ як! Колькасьць рытуальных дзеяньняў у межах дому і сядзібы проста неймаверная і мае разнастайную практычную скіраванасьць: здароўе людзей, палеткі і ўраджайнасьць, гадоўля жывёлы, надвор’е, асабісты лёс чалавека...

Возьмем, да прыкладу, аграрную магію, калі сымбалічныя дзеяньні ў хаце, паводле ўяўленьняў нашых продкаў, наўпрост уплывалі на гаспадарскую ніву. Беларусы Смаленшчыны, «каб маланка не пашкодзіла ўраджаю», «ня вынула спор з каласоў», з Дабравешчаньня да Ўшэсьця, пакуль араць, не распальваюць агню, а кладуцца спаць упоцемках, а то «маланкаю выпаліць жыта». У Заходняй Беларусі забарона паліць агонь у хаце («сьвяціць хату») у першы дзень ворыва тлумачылася тым, што «будзе поле сьвяціцца ад лысінаў», г.зн. «будзе месцамі пустое, не пакрытае збожжам». Падобныя перасьцярогі датычыліся і сяўбы:

«Ячмень, просо й пшаніцу ня можна сеяць у той час, як паляць у печах да з комінаў ідзе дым, бо нападзе сажа на каласы і нічога ня вырасьце».

Адначасна, «каб пасеянае збожжа вырасла густое, на вячэру ў дзень сяўбы гаспадыня павінна падаць абавязкова два густыя супы: адзін прасны, другі — квасны». Таксама «ў дзень сяўбы жыта нельга віць у хаце ні пугі, ні вяроўкі, бо вецер будзе скручваць і прыгінаць да зямлі пасеянае. Нельга плесьці лапцей, бо сьцябліны будуць кволыя і ў час жніва будуць ламацца».

Бабін кут ля печы — месца магічных знахарскіх практык. Фота Тацяны Валодзінай

— Можна меркаваць, што сымбалічныя дзеяньні ў доме ўплывалі і на іншыя сфэры жыцьцядзейнасьці беларускага вяскоўца, напрыклад, на жывёлагадоўлю?

— Безумоўна. Існаваў цэлы комплекс забаронаў і прадпісаньняў, якія рэглямэнтавалі паводзіны людзей у хаце, каб прадухіліць розную псоту хатняй жывёлы і птушкі. На Палесьсі лічылася:

«Як карова цельная, то ні ў хаце, ні на падворку няможна віць ні матузка, ні пужкі, бо цялятка ўродзіцца са зьвітымі ножкамі».

На Случчыне меркавалі: калі «ў хаце стаіць дым, то яго ня можно махаць рукамі... ня можно разганяць, бо гаўядо будзе разьбягацца ці таўкціса».

Дзеяньні чалавека ў хаце, як лічылася, маглі непасрэдным чынам уплываць і на свойскую птушку, тым больш што ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя зімавала яна ў чалавечым жытле (падпеччы). Так, катэгарычна забаранялася сьвістаць ці граць на дудках у хаце ці паблізу яе, калі свойскія птушкі сядзяць на яйках, «бо ня будзе яек заседжаных, але баўтуны (сьвістуны)». У Заходняй Беларусі верылі, што сьвіст у хаце мог прывесьці і да таго, што зь яек выведуцца адны толькі пеўні. Таксама лічылі, што, калі выносіць сьмецьце з хаты пасьля заходу сонца або прыносіць у хату кветкі «курынае сьлепаты», то асьлепнуць куры. На Віцебшчыне забаранялася пячы хоць што-небудзь у хаце, калі гуску садзяць на гняздо, «бо можна запячы гусіныя яйкі, і зь іх ня выведуцца гусяняты».

— Выходзіць, дом для беларуса быў ня толькі яскравым увасабленьнем «свайго», чалавечага сьвету, але і сапраўднай магічнай прасторай, якая дазваляла ўплываць на знадворны сьвет і жыцьцё людзей?

— Паколькі ў мітапаэтычнай карціне сьвету беларусаў дом — мікрамадэль Космасу, то яго рытуальна-магічнае ўзьдзеяньне на ўсю знадворную прастору было калясальнае. І ў першую чаргу размова ідзе пра асабістую долю людзей, гаспадароў хаты.

Працяг будзе