Такі прысуд вынес 21 ліпеня Магілёўскі абласны суд у справе так званых «чорных рыэлтэраў», якія абвінавачваюцца ў забойстве шасьці чалавек і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ траіх.
Іншым фігурантам справы прысуджанае турэмнае зьняволеньне: Тацяна Гершанкова атрымала 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці, а Барыс Калесьнікаў — 22 гады і адзін месяц калёніі строгага рэжыму.
Судовы разбор па гэтай гучнай справе доўжыўся каля васьмі месяцаў.
Кожнаму з фігурантаў справы было выстаўленае абвінавачаньне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Злачынствы адбываліся цягам 6 гадоў — з 2009 да 2015 году. Ахвяраў выбіралі сярод адзінокіх грамадзян, якія злоўжываюць алькаголем. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам людзей, абвінавачаныя ўгаворвалі іх прадаць жытло, а ўзамен абяцалі дапамагчы з набыцьцём новага. Пасьля зьдзелкі кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных магілах.
«Крывавая кропка ў справе „чорных рыэлтэраў“ пастаўлена», — рэагуе на вырак суду праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ад пачатку году ў Беларусі адзін сьмяротны прысуд прыведзены ў выкананьне. Быў расстраляны жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў. Жыхар Мазыра Кірыл Казачок і Аляксей Міхаленя з Нароўлі чакаюць сваёй чаргі.
Тацяна Гершанкова заявіла, што будзе абскарджваць вырак, бо лічыць яго несправядлівым. Яна сказала, што мае дваіх дзяцей, за якіх нясе адказнасьць.
Сястра аднаго з забітых Людміла Кунцэвіч сказала, што ёй шкада асуджаных, але вырак назвала справядлівым.
«Я не прагну помсты. Лічу, што можна дараваць забойства зь неасьцярожнасьці, але тут яно было сплянаванае. Забойствы нашых родных былі пункцікамі ў іхным пляне».
Дзяржаўнае абвінавачваньне згоднае з рашэньнем суда, сказаў журналістам пракурор Юры Шарсьнёў.
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за адмену сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда заявіў, што праваабаронцы будуць дамагацца замены расстрэлу на турэмнае зьняволеньне.
«Я гаварыў са сваякамі Гершанкова і Беражнога, яны настроены абскарджваць вырак. Калі ня ўдасца на нацыянальным узроўні дамагчыся, то сваякі гатовыя зьвяртацца ў камітэт ААН у пытаньнях правоў чалавека. Мы будзем дапамагаць ім. Спадзеў ёсьць, што ўнутраныя і вонкавыя фактары будуць уплываць на вырак, каб яго замяніць на пажыцьцёвае альбо працяглае турэмнае зьняволеньне».