20 ліпеня Ленінскі суд Менску адмовіў Уладзімеру Някляеву ў растэрміноўцы аплаты штрафаў і нават, як сьцьвярджае паэт і палітык, не патлумачыў прычынаў.
«Прасіў адтэрмінаваць хаця б на паўгода, бо сапраўды няма цяпер такіх грошай — гэта ж больш за 10 маіх пэнсій. Судзьдзя Юлія Кавяка нібыта мяне выслухала, пайшла на вынясеньне рашэньня, можа, з кім параілася ці не параілася, але вось такая пастанова! Чаму? У любым грамадзтве незалежны суд, калі разглядае спрэчку дзяржавы з грамадзянінам, будзе адстойваць інтарэсы грамадзяніна, бо той перад дзяржавай бездапаможны. І калі нямашака падстаў стаць на бок дзяржавы, ён стане на бок грамадзяніна. У нашай краіне ўсё наадварот. Ніколі, ніводнага разу не было прынятае рашэньне на карысьць грамадзяніна, калі зь ім судзіцца дзяржава. Нават у дробязі. Гэта ж нічога не каштавала б дзяржаве, каб суд дапамог грамадзяніну крыху сытуацыю зьмякчыць. Не ідзе ж гаворка, каб зусім не плаціць — толькі пра растэрміноўку. Але — не. Вось і відаць, што нават у дробязі такі суд несамастойна прымае рашэньне. Гэты паход суду на так званую нараду ў дарадчы пакой быў, відаць, толькі паходам па ўдакладненьне: не даваць растэрміноўку ці ўсё ж даваць? Не далі».
Паводле Ўладзімера Някляева, за 2016-2017 гады ён сплаціў 7 з 10 накладзеных на яго штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі, у тым ліку за сёлетнія веснавыя мітынгі недармаедаў у Менску, мітынг на 1 Траўня ды іншыя акцыі.
«Апошнія 3 штрафы ўсе былі максымальныя — па 50 базавых велічынь, гэта па 1150 рублёў. Вось яны і застаюцца нясплачанымі. Залатой для мяне атрымліваецца палітыка, але што зробіш?» — сказаў Уладзімер Някляеў.
Паводле закону Ўладзімер Някляеў можа абскардзіць рашэньне Ленінскага раённага суду, але палітык мяркуе, што рабіць гэтага ня будзе, бо ня бачыць сэнсу.
«Толькі страта здароўя і нэрваў», — сказаў Уладзімер Някляеў.
Цяпер спадар Някляеў у любы дзень чакае судовых выканаўцаў, якія могуць прыйсьці і апісаць ягоную маёмасьць.
«Цягнуць нельга, ужо папера ўступіла ў дзеяньне. Буду неяк пазычыць грошы», — сказаў карэспандэнту Свабоды Ўладзімер Някляеў.