Сёлета Беларусь павінна выплаціць дзяржаўнага доўгу 3,4 мільярда даляраў

У 2018 годзе яшчэ больш — 3,7 мільярда даляраў.

Выдаткі на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу вырастуць. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве фінансаў.

«Ціск на бюджэт, абумоўлены пазыковай нагрузкай, у будучым пэрыядзе будзе павялічвацца. У наступным годзе неабходна пагасіць каля 2,5 млрд даляраў валютнага дзяржаўнага доўгу, яшчэ больш за 1,2 млрд даляраў — накіраваць на яго абслугоўваньне», — паведаміла начальніца галоўнага ўпраўленьня бюджэтнай палітыкі Мінфіну Алена Печань у сваім артыкуле ў часопісе «Фінансы, улік, аўдыт».

Яна адзначыла, што выплаты на пагашэньне дзярждоўгу ў наступным годзе плянуецца на тры чвэрці рэфінансаваць.

Як і раней, на пагашэньне часткі доўгу будзе накіраванае ўсё вывазное мыта на нафтапрадукты.

Дзеля рэфінансаваньня часткі дзярждоўгу разглядаецца магчымасьць разьмяшчэньня дзяржаўных аблігацый на ўнутраным і вонкавых фінансавых рынках, а таксама сёмы транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця.

Паводле Алены Печань, «рост выдаткаў на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу стварае сур’ёзныя рызыкі разбалянсаванасьці бюджэту».

Дэпутатка Ганна Канапацкая паведаміла ў «Твітэры», што да канца году Беларусь павінна выплаціць 3,4 млрд даляраў дзярждоўгу пры плянаваных паступленьнях у 1,5 мільярда даляраў.

За мінулы год дзяржаўныя пазыкі Беларусі павялічыліся на 11,7% і дасягнулі 41,7% ад ВУП. Крытычным значэньнем лічыцца 45–50%.

Сёлета рост доўгу прадоўжыўся. У студзені-красавіку Беларусь прыцягнула вонкавых дзяржаўных пазык на 530,3 млн даляраў: 300 млн — ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, 160,7 млн — ад ураду і банкаў РФ; 32,2 млн — ад банкаў КНР; 37,4 млн — ад эўрапейскіх банкаў. У выніку, паводле Мінфіну, замежны дзярждоўг на 1 мая 2017 г. дасягнуў 13,9 млрд даляраў.

Таксама Беларусь разьлічвае на крэдыт ад ураду Расеі ў 700 млн даляраў.

Мінфін пэрыядычна прадае аблігацыі на ўнутраным рынку. І вось яшчэ эўрабонды. У чэрвені стала вядома, што Беларусь разьмясьціла на міжнародным рынку два траншы эўрааблігацый у абʼёме 800 мільёнаў даляраў і 600 мільёнаў з пагашэньнем у лютым 2023 году і ў чэрвені 2027-га адпаведна.