Шчанятаў жыўцом пахавалі ў могільніку пад Лагойскам. Удалося ўратаваць толькі аднаго

Грамадзкае аб’яднаньне абароны жывёлаў «Эгіда» атрымала відэа ананімнага карыстальніка, на якім паказаны жывёльны могільнік на фэрме «Трайпл-Агро» пад Лагойскам, у якім сярод трупаў сядзяць жывыя шчаняты. Аднаго са шчанюкоў атрымалася ўратаваць, распавядае «Эгіда».

«Эгіда» заяўляе, што мясцовы вэтэрынар выкінуў туды шчанюкоў яшчэ паўгода таму, там шчанюкі і вырасьлі. За два дні да візыту абаронцаў жывёлаў на прадпрыемства прыходзіў участковы, які агледзеў яміну і склаў пратакол, але жывёлаў у той час не спрабавалі вызваліць.

На наступны дзень па атрыманьні відэа валянтэры дасталі жывёлаў з могільніку з дапамогай мясцовых работнікаў. Як сьцьвярджаюць валянтэры, жывёлы «кішэлі чарвякамі». Сабачанят двойчы адмовіліся прымаць у фаніпальскай вэтклініцы, іх давялося везьці ў менскую прыватную клініку. Адзін са шчанюкоў неўзабаве памёр, другі цяпер пад наглядам вэтэрынараў. На яго ўтрыманьне і лячэньне валянтэры просяць ахвяраваць грошы.

«Эгіда» зьбіраецца падаваць заяву ў міліцыю, але сумняваецца, што кагосьці будзе магчыма прыцягнуць да адказнасьці, калі ня знойдзецца сьведак. Калі ж знойдуцца, злачынцу пагражае штраф, выпраўленчыя работы на тэрмін да году або арышт. Калі злачынства было ўчыненае групай асобаў або паўторна, пакараць могуць годам абмежаваньня ці пазбаўленьня волі.

Гісторыя ўратаваных сабак была паказаная на дзяржаўным тэлеканале АНТ.

Да нядаўняга часу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі маглі караць адно паводле Адміністрацыйнага кодэксу за хуліганства, толькі ў 2015 годзе ў Крымінальным кодэксе зьявіўся артыкул «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі». Але паводле яго можна караць у выпадках, калі дзеяньне «ўчыненае з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў ці ў прысутнасьці заведама малалетняга» і калі яно «пацягнула сьмерць ці калецтва жывёлы».

Закон аб абыходжаньні з жывёламі ў Беларусі дагэтуль не прыняты, актывісты крытыкуюць цяперашні законапраект за тое, што ён, наадварот, можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Тым часам жывёльныя могільнікі застаюцца адзіным легальным шляхам пахаваньня свойскіх жывёлаў — за «няправільныя» пахаваньні на стыхійных могілках гадаванцаў гаспадарам пагражае штраф.