Што рабіць у будучыні з савецкімі помнікамі ў Беларусі: валіць ці пакінуць? Дыскутуюць журналісты Радыё Свабода Юры Дракахруст і Дзьмітры Гурневіч.
Юры Дракахруст лічыць, што многія савецкія помнікі нельга кранаць, бо ...
• Пункт адліку для помнікаў: нашы — ня нашы. У дадзены момант большасьць беларусаў лічаць Чырвоную Армію нашай.
• Палякі мяркуюць, што Чырвоная Армія — гэта чужая навала. Але менавіта тая «жахлівая» Чырвоная Армія заваявала для палякаў Вроцлаў і Гданьск.
• У польскай Арміі Краёвай і сярод «Выклятых жаўнераў» былі розныя людзі, але агулам палякі лічаць іх героямі і ставяць ім помнікі.
• У Польшчы падчас вайны была сур’ёзная антынацысцкая альтэрнатыва — Армія Краёва, якая змагалася зь Гітлерам. У Беларусі асноўная маса супраціву была камуністычнай. Як і ў Югаславіі. Там, дарэчы, помнікі не зьнішчаюць.
• Беларусі патрэбны помнік Машэраву, бо пры ім паўстала мадэрновая Беларусь. Пасьля вайны, пры Машэраве, Беларусь стала другой краінай па ўзроўні жыцьця і адукацыі. Сёньняшняя Беларусь створаная пры Машэраве.
• У Францыі супраціў нацыстам у большасьці быў камуністычны. Ім у Францыі не скідаюць помнікі.
• Немцы не пазбаўляюцца Трэптаў-парку
Дзьмітры Гурневіч лічыць, што многія савецкія помнікі трэба дэмантаваць, бо ...
• Савецкі пэрыяд вельмі трагічны ў гісторыі Беларусі. Многія савецкія дзеячы, якім стаяць помнікі ў Беларусі, і ў гонар якіх названыя вуліцы, адказваюць за чорныя старонкі беларускай гісторыі і вельмі часта былі катамі беларусаў.
• Палякі не чапаюць помнікаў на могілках. Памерлыя заслугоўваюць павагі. Помнікі можна перанесьці туды або разьмясьціць у гістарычных парках.
• Недапушчальна, каб стаялі помнікі ў гонар забойцаў мірнага насельніцтва. А такіх выпадкаў у Беларусі нямала. Падыход павінен быць зразумелы: канкрэтным героям — помнікі, забойцам — ганьба.
• Чырвоная Армія — гэта ня толькі сымбаль вызваленьня Беларусі. На яе штыках у Беларусь быў прынесены бальшавіцкі таталітарызм. Ён быў меншым злом, чым нацысцкі таталітарызм, але яго сутнасьць тая ж. Нельга гераізаваць ЧА як арганізацыю. Варта ўшаноўваць асобных людзей.
• Прыкмета, што нехта наш, яшчэ не нагода, каб ставіць яму помнік.
• Помнікі Адамовічу, Быкаву і іншых героям вайны павінны быць у цэнтрах беларускіх гарадоў. Але сёньня для ўлады яны чамусьці не героі.
• Калі ўшаноўваць ЧА, то тады нічога не замінае, каб не ўшаноўваюць яе лідэра — Сталіна.
• Манаполія савецкіх помнікаў вызначае атмасфэру вакол нас і нашу мэнтальнасьць. Прысутнасьць цягам 50 гадоў леніных-дзяржынскіх стварае посткаляніяльны сындром у беларусаў.
• Помнік Машэраву ў Беларусі недапушчальны празь яго русіфікацыйную лінію, зьнішчэньне гістарычнага Менску. Ён быў сымбалем савецкай акупацыі.
• Падчас вайны Беларусь была ахвярай камуністаў і нацыстаў.