У Расеі ўхвалілі два законапраекты аб забароне ананімнасьці ў інтэрнэце

Дзяржаўная дума 19 ліпеня прыняла ў другім чытаньні законапраект аб забароне ананімайзэраў і VPN (virtual private network — віртуальная прыватная сетка), зьмяніўшы ў ім парадак выяўленьня сэрвісаў для абыходу блякаваньняў, паведамляе інтэрнэт-выданьне «Медуза».

У папярэдняй вэрсіі законапраекту меркавалася, што маніторынгам падобных сэрвісаў зоймецца «Роскомнадзор». У новай вэрсіі гэтыя паўнамоцтвы перадалі ФСБ і МУС. Акрамя таго законапраект касуе рэестар блогераў, які дзейнічае ў Расіі з 2014 году.

Таксама дэпутаты Дзярждумы прынялі ў другім чытаньні законапраект аб ананімнасьці ў мэсэнджэрах. У новай вэрсіі дакумэнту гаворыцца, што расейскі ўрад вызначыць норму, якая забароніць мэсэнджэрам «дапускаць перадачу электронных паведамленьняў карыстальнікам сэрвісу абмену імгненнымі паведамленьнямі».

23 ліпеня ў Маскве пройдзе марш «За вольны інтэрнэт», удзельнікі якога запатрабуюць адстаўкі кіраўніка «Роскомнадзора» Аляксандра Жарава. 16 ліпеня аднайменная акцыя прайшла ў Санкт-Пецярбургу.