У польскім Сэйме позна ўвечары 18 ліпеня Яраслаў Качыньскі, лідэр кіроўнай партыі Права і справядлівасьць, абвінаваціў парлямэнцкую апазыцыю ў забойстве свайго брата-блізьняка, прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага.
Яраслаў Качыньскі ўзяў голас, як сам акрэсьліў, «па-за рэглямэнтам», і сказаў у адрас апазыцыі, якую ў асноўным складаюць дэпутаты партыяў Грамадзянская плятформа, Польскай сялянскай партыі і Nowoczesna:
«Я ведаю, што вы баіцеся праўды, але не выцірайце сваіх здрадніцкіх мордаў прозьвішчам майго сьвятой памяці брата. Вы зьнішчалі яго, забілі яго, вы — сволачы!».
Эмацыянальны выступ Качыньскага адбыўся падчас другога чытаньня законапраекту аб Вярхоўным судзе ў Польшчы, які апазыцыя лічыць замахам на дэмакратычны лад краіны і які нядаўна выклікаў вулічныя пратэсты па ўсёй краіне.
Пратэст каля Канцэлярыі прэзыдэнта з заклікам да Анджэя Дуды не падпісваць законапраект аб Вярхоўным судзе.
Сёньня тры дэпутацкія клюбы польскага Сэйму падалі пазоў у пракуратуру супраць Яраслава Качыньскага.
Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі загінуў у катастрофе ўрадавага самалёту каля Смаленску 10 красавіка 2010 году. Разам зь ім загінулі яшчэ 95 чалавек.