Калі разважаць пра асаблівасьці дахрысьціянскага сьветапогляду, шукаць яго праявы ў дні сёньняшнім, часьцей за ўсё гаворка ідзе пра веру ў шматлікіх духаў і дэманаў або пра шанаваньне камянёў. Моцны сваімі дахрысьціянскімі вытокамі культ сьвятых крыніцаў на сёньня ўсё больш і больш падбірае пад сваю апеку царква. Аднак дасюль застаецца яшчэ адна плашчыня народных вераваньняў, якая ўражвае сваёй архаікай і нават велічнасьцю. Гэта — шанаваньне, культ дрэваў. Культавае дрэва — адзін з сакральных элемэнтаў сьветабудовы, гэта месца, дзе спрадвеку і аж да нашага часу адбываюцца розныя рытуалы і нават складаюцца ахвяры. Гэта — месца асаблівага касьмічнага, так бы мовіць, напружаньня. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што з дапамогаю такога дрэва чалавек намагаўся атрымаць магчымасьць прамога выхаду ў засьветы, усталяваньня неабходнага кантакту са сфэрай sacrum. Як адбываецца гэты кантакт? Чаму менавіта дрэва стала ў беларускай міталёгіі восьсю сьветабудовы? Гутарка з доктарам філялягічных навук, этнакультуролягам Тацянай Валодзінай.
— Тацяна, чаму менавіта дрэва так шануецца ў мітапаэтычнай сьвядомасьці? І ці кожнае дрэва? Якое дрэва лічыцца культавым?
— У мітапаэтычнай сьвядомасьці кожнае дрэва можа зьмяшчацца ў кантэксты, дзе яно стане маркіраваць касьмічную вось, сымбалізаваць ураўнаважанасьць і гармонію Космасу. Менавіта дрэва ўяўляе сабой самую відавочную axis mundi, што злучае ўсе сфэры сусьвету (вершаліна сягае нябёсаў, камель і галіны арганізуюць зямную прастору, карані месьцяцца ў падзямельлі). У гуманітарнай навуцы прынята казаць пра сусьветнае дрэва — тое дрэва, што ўяўляе сабою мадэль усяго Космасу. Асабліва насычанай сэмантыка сусьветнай восі стае для культавых дрэваў.
— Цікава, але занадта навукова, каб зразумець... Спачатку давайце ўсё ж удакладнім, што гэта ў цэлым азначае — культавае дрэва? І ці ведаюць людзі, якія пакланяюцца дрэву, што яно называецца культавым?
— Натуральна, азначэньне «культавае» цалкам належыць кніжнай, так бы мовіць, вучонай культуры, у народзе вылучнае дрэва культавым ніхто не назаве. Назавуць «сьвятое». Між тым «сьвятое» і «культавае» — не заўсёды адно і тое ж. Культавым дрэва становіцца тады, калі, маючы пастаянны «сьвяты», сакральны статус, становіцца рытуальным цэнтрам у канкрэтных абрадавых сытуацыях. Такія абрады могуць быць прымеркаваныя да пэўных адрэзкаў каляндарнага сьвяточнага кола, а могуць мець зусім індывідуальны характар.
— А якія канкрэтна дрэвы выбіраліся на ролю культавых?
— Найперш увагу зьвярталі на дрэвы незвычайных формаў, напрыклад, на тыя, што зрасьліся, маюць скручаныя вяршыні ў форме абручоў, незвычайныя нарасты, шматствольныя. У крыніцах апісаныя некалькі такіх вядомых дрэваў, калі паміж дзьвюма галінамі, якія зрасьліся разам, лазілі зьнявечаныя ці хворыя на грыжу людзі. Паказьнікам сілы дрэва выступае яго ўзрост, што асабліва відавочна на прыкладзе дубоў. Але, зь іншага боку, шэраг сапраўдных доўгажыхароў-дубоў — помнікі прыроды і ніякага арэолу сьвятасьці ня маюць. Безумоўным фактарам сьвятасьці дрэва становіцца легенда пра тое, што на ім зьявіўся абраз, перадусім Маці Божай, радзей сьвятога Міколы. Прыкладам, у Быхаўскім раёне шануецца ўрочышча «Пад Міколкам», дзе
«кагда-та даўным-даўно людзі абнаружылі ікону, паявілася. На дзеряві, на ёлкі, ікона Нікалая Чудатворца, і там стала крінічка».
Менавіта на грушы ў 1470 годзе аб’явіўся цудоўны абраз Маці Божай Жыровіцкай.
— Вы ўзгадалі крынічку побач з культавым дрэвам. Наколькі гэта частая зьява? У шэрагу месцаў побач з шанаванай вадой мне даводзілася бачыць абвязаныя стужкамі дрэвы.
— Сапраўды, нямала вылучных сьвятых дрэваў расьце каля водных аб’ектаў, каменя і разам зь імі складаюць сакральны комплекс, запаведнае месца. Наагул, яны могуць быць часткай больш складанага сакральнага комплексу — прошчы. Дастаткова ўзгадаць Шчыткавіцкую прошчу ў Старадароскім раёне ці прошчу каля пасёлка Акцябрскі. А якое трымценьне выклікае крынічка, якая бяжыць з-пад каранёў векавога дуба! Такія крынічкі дагэтуль існуюць у Полацкім, Талачынскім раёнах і зьбіраюць да сябе наведнікаў з далёкіх ваколіцаў. Пад бярозкай, скрозь абвязанай стужкамі, ляжыць Божы камень у Любанскім раёне.
— І ўсё ж — якія дрэвы найперш могуць набываць статус культавых? Дубы, ясені, клёны, ці сосны, можа? Ці давалі ім нейкія дадатковыя імёны?
— Найперш, дуб — дрэва, якое асацыявалася яшчэ зь Перуном. У Беларусі назвы культавых дубоў — Асілак, Волат, Сьвяты дуб, Добры дуб, Стары дуб, Перуноў дуб, Вітаўтаў дуб. Асаблівым статусам вылучаўся дуб Волат на Менскім капішчы, як пра тое пісаў вядомы дасьледчык Эдуард Ляўкоў:
«У цэнтры пляцоўкі ўзвышаецца вялікі дуб у чатыры абхваты. Пра яго шаноўны ўзрост сьведчыць даўно засохлая вершаліна, а таксама ствол, зьнявечаны дуплом. Старое дрэва, як вядома, дае мала жалудоў, а ў некаторыя гады зусім ня родзіць. На яго ніжнім гольлі разьвешаны вышытыя ручнікі. Дуб лічаць сьвятым і называюць Волатам... Лекавыя жалуды са сьвятога дрэва цаніліся вельмі высока: за кожны — па яйку. Пад старым дубам на каленях часта маліліся людзі, прасілі ратунку ад бяды».
Вы запыталіся пра сасну. Так, і сасна лічылася і лічыцца культавым дрэвам. Згодна з паданьнем, каля Шклова на беразе Дняпра быў стары сасновы лес. Аднойчы дзеці закінулі чаравік у дупло і не маглі яго дастаць. Паклікалі дарослых, і тыя ўбачылі, што на дне дупла ляжыць дзівосная ікона. Запрасілі да дрэва сьвятара, але выцягнуць ікону не змаглі. Тады на гэтым месцы пабудавалі Ўваскрасенскую царкву, і дрэва з іконай знаходзілася ўнутры. У лесе каля вёскі Ніўкі Лагойскага раёну на сасьне каля крыніцы цяпер вісіць абраз. Пад сасну (асабліва на Юр’я) кладуць ахвяраваньні (грошы, цукеркі, кавалачкі сала, каўбасы, галаўныя ўборы, сподняе і іншае). Радзей як культавыя сустракаюцца ліпа і бяроза, у адзінкавых выпадках вяз.
— Насамрэч, вельмі цікава, што дрэвы могуць набываць імя ўласнае. Зусім як людзі.
— А ў народнай сьвядомасьці яны і адушаўляліся, пэрсаніфікаваліся і станавіліся нават удзельнікамі дыялёгу. Хочацца тут прыгадаць прыгажуна дуба Якуба зь Нясьвіскага раёну.
Паводле павер’яў, у дрэва можа перасяліцца чалавечая душа. Кажуць, калі рыпіць нейкае старое ссохлае дрэва, то адбывае ў ім пакуту душа грэшніка. У легендах дрэвы могуць размаўляць між сабою, калі сьвятое дрэва сякуць, то зь яго цячэ кроў і чуюцца стогны. Дый што казаць, калі пра асобныя дрэвы расказваюць, што гэта былыя аднавяскоўцы, якія ў выніку абставінаў ператварыліся ў сасну, да прыкладу. Так, сасной Кулінай стала жонка аратага Сьцяпана, што і сёньня стаіць Сьцёп-каменем каля вёскі Красьнікі Докшыцкага раёну. Паказальна, што гэтаму дрэву да сёньня ахвяруюць нешта зь ежы і наагул уключаюць яго (яе) у камунікатыўную прастору, то бок размаўляюць з гэтым дрэвам як з Кулінай:
«Ідзём. Бывала, і таварышчы ідуць з намі, ну, кажуць: „Пайдзём да Сцёп-каменя, да Куліны, вот...“ Возьмем бутылку з сабой, ну, самагонкі, з дома, і там вып’ем. Ну вот. Ідзём аж туды, станавімся кала яго. Кала гэтага каменя — ён высокі такі, а ў аб’ёме небальшы, круглы такі. Вып’ем, а тады: „Ну, Сьцяпан, Куліна, будзь здарова“. А ён там, там чэраз дарогу хата была, цераз дарогу, ён: „Ну, Кулінка, будзь здарова, за тваё, — кажаць, — вып’ем за цябе“. Ну і выпілі, пагаварылі, паглядзелі на сасну на гэту, на камень. „Ну, адходзім, ну, бывайце! Мы пайдзём па свайму назначэньню“. І пайдзём паціхоньку».
— Вы ўвесь час гаворыце ў цяперашнім часе. Дрэвы шануюцца як культавыя і сёньня?
— Так, шанаваньне культавых дрэваў — прамое сьведчаньне жывучасьці архаічных традыцыяў, але, зь іншага боку, яно паддатна разбуральнаму ўплыву часу і вонкавых фактараў (пажар, бура і да т.п.). Вось пра сьвятую ліпу каля вёскі Лужкі Шаркаўшчынскага раёну:
«А ліпа во, между Лужкамі і Падліпкай. І знаеце што, дажэ камуністы яе ня зрэзалі. Там ікона стаіць, хрэст стаіць, ікона сьвятой Багародзіцы, і ручнік такі прасты».
Пры гэтым зьвяртае на сябе ўвагу ўстойлівасьць і пераемнасьць традыцыі: калі старую ліпу паваліла бура, аб’ектам шанаваньня стала маладое, спэцыяльна пасаджанае дрэва.
«Ліпа сьвятая — гэта на кладбішчы, молюцца на Пятра. На кладбішча прыяжджаюць і молюцца. Вон, на полі, за хлевам. Яна была вялікая, а тады звалілася, вецер яе паваліў. Пасадзілі маладую, маладая, там іконы...»
— Відавочна, шанаваньне культавых дрэваў — характэрная рыса дахрысьціянскага пэрыяду. Гэта паганства. А вы кажаце, што каля аб’ектаў паганскай рэлігіі стаяць крыжы, узводзяць цэрквы, моляцца... Як тое можа быць?
— Пытаньне, з аднаго боку, вельмі складанае, бо адлюстроўвае доўгі працэс кантамінацыі язычніцкіх і хрысьціянскіх уяўленьняў. Дарэчы, яшчэ царкоўны дзеяч Феафан Пракаповіч у ХVII стагодзьдзі забараняў «пред дубом молебны петь». Параўнаем зь сёньняшнім запісам зь Лепельскага раёну:
«Толькі ў Тадуліна дуб вялікі рос, дужа. Дужа бальшы рос. К тому дубу хадзілі, ну, Богу маліліся. Што плоха — тады к гэтаму дубу».
На тэрыторыі Беларусі зафіксаваная практыка будаваць цэрквы недалёка ад дрэва, на якім зьявілася ікона, або ад любога іншага сакральнага дрэва. Дарэчы тут прывесьці і папулярныя ў апошнія дзесяцігодзьдзі выпадкі гэтак званага «аб’яўленьня» абразоў на сьпілах дрэў. Да прыкладу, у Хойніцкім раёне ў Губарэвічах на сьпіле стогадовага вяза ўбачылі выяву Маці Божай. Дрэва хутка стала месцам паломніцтваў з шырокага навакольля, да дрэва ўтвараецца вялікая жывая чарга. Дарэчы, мясцовая жыхарка, 74-гадовая Марыя Дашук расказала:
«Адзін з бацюшкаў, які сюды наведваўся, агледзеў ікону і сказаў, што дрэва трэба сьпілаваць, бо ўсё гэта падобна на паганства. На што мы яму адказалі, што чапаць наш вяз не дамо нікому».
З таго ж Ізьбійскага бору расказваюць, што 15 лістапада 2014 году, расьпілоўваючы бярозу, якая расла непадалёк ад добра вядомай сасны, куды прыходзяць памаліцца вернікі, на яе сьпіле ўбачылі выразнае аблічча Маці Божай зь немаўлём і крыж. Перад намі яшчэ адзін прыклад народнай рэлігійнасьці апошніх стагодзьдзяў, дзе хрысьціянскія і дахрысьціянскія элемэнты зрасьліся ў адно непадзельнае цэлае. Дзяліць тое мы можам, седзячы ў студыі, але ніяк ня з носьбітамі традыцыі, для якіх сьвятыя дрэвы арганічна ўваходзяць у сьвет sacrum, і зьяўленьне побач зь імі, на іх Бога, сьвятых толькі адцяняе даўні высокі статус.
— І ці шмат такіх прыкладаў?
— Нямала. Пісьмовыя крыніцы XVII стагодзьдзя згадваюць паклонную «Марыну сасну» і «Галяшову сасну» на Віцебшчыне. Згодна з дадзенымі Людмілы Дучыц, шанаваныя Француская сасна на кургане блізу вёскі Ўзрэчча Глыбоцкага раёну, сасна ў вёсцы Старыца на Капыльшчыне, у горадзе Ліда, блізу вёскі Шаршуны ў наваколлі Радашкавічаў Маладэчанскага раёну ды іншыя. Культавыя ліпы растуць на высьпе возера Несьпіш на Браслаўшчыне, у Жыровіцах Слонімскага раёну, і груша — блізу вёскі Збляны Лідзкага раёну. Цікавая зьява назіраецца ў Камянецкім раёне, дзе вакол грушкі штогод усё большае пастаўленых крыжыкаў. Згодна зь легендай, каля грушкі аб’явілася Божая Маці. Сёньня ўжо ўсё маладое дрэўца ўпрыгожанае стужкамі. Са сваімі просьбамі едуць жыхары нават суседняй Польшчы, якія бачыць тут аналяг сваёй Грабаркі.
— Ці існуюць няпісаныя правілы, як сябе паводзіць у сьвятых месцах каля культавага дрэва?
— Найперш гэта абачлівае, беражлівае стаўленьне да самога дрэва і навакольля. Калі ламаць галінкі, абдзіраць кару, маглі надысьці розныя няшчасьці, цяжкія хваробы. Разам з тым высахлае сьвятое дрэва хутка разносяць па трэсачцы. Як тое назіраецца сёньня ў Ізьбійскім бары, дзе высахла сасна, на якой калісьці зьявіўся цудадзейны абраз.
Па-другое, просьба да дрэва, як, зрэшты, і да чалавека, суправаджаецца ахвярай, дарам. Фактычна рэалізуецца жалезнае правіла архаічнай культуры: «дар за дар». На Палесьсі, у Калінкавіцкім раёне, зафіксаваны цікавы звычай ахвяраваньня дубу зь лекавальнымі мэтамі:
«Царь-дуп е тут, чатыры чаловекі обняць. Одна бабка была бальная жаўтухай. Узяла ў запазуху яіц і дручку (така палочка тоненька) да і пошла раненько наначкі, толькі не гаварыла ни с кем, к дубу. Паставіла дручку і положила яйцы і говорыт: „Вот тобе, дуб, конь і дуга, я уж табе не слуга...“. А потом і говорыт: „Хваціць, я болела да выздоровіла“. Як сказала то — да і выздоровіла».
А вось сасьне Куліне ў надпіл кладуць хлеб, ягады, нават можна было пабачыць кавалачкі сала і каўбасы. Але найчасьцей ахвяруюцца тэкстыльныя дары — стужкі, ручнікі:
«А тады посьле, хрэст былі паставіўшы каля ліпкі, цяпер можа стаіць жалезны такі, а там і іконкі хто вешаў. Я і сама занесла, павешала, і рушнікі насіла — ахвяравала... Як захварэе чалавек, гэта ж і ў цэркву ходзюць, просяць Бога, і да ліпкі, да сьвятога дрэва...»
— Які лёс чакае ў будучыні гэтыя культавыя дрэвы? Іх становіцца меней? Іх забываюць? Мо забудуць зусім?
— Сёньняшняя практыка шанаваньня культавых дрэваў беларусамі дазваляе рабіць аптымістычныя прагнозы. У такіх дрэваў ёсьць свае пілігрымы. Ёсьць людзі, якія прыходзяць да іх са сваімі бедамі і праблемамі.