У Крамлі назвалі «асабістай ініцыятывай» заяву лідэра сэпаратыстаў «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандра Захарчанкі аб стварэньні на тэрыторыі Ўкраіны «дзяржавы Маларосіі».
Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова, у Крамлі пра заяву Захарчанкі «даведаліся са СМІ». Пяскоў дадаў, што Масква, як ён выказаўся, застаецца прыхільнай менскіх дамоўленасьцяў, паведамляе «Інтэрфакс».
Захарчанка ў аўторак заявіў, што рашэньне аб стварэньні «Маларосіі» нібыта было прынятае сумесна зь нейкімі прадстаўнікамі рэгіёнаў Украіны. Сэпаратысты самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» сьцьвярджаюць, што яны не маюць дачыненьня да ініцыятывы Захарчанкі. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў адказ на словы лідэра «ДНР» заявіў, што Кіеў адновіць сувэрэнітэт над Данбасам і Крымам.
Францыя і Нямеччына заклікалі Крэмль асудзіць заяву Захарчанкі.