500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.
У часе, калі Скарына быў у Вэнэцыі, там жыў і працаваў вялікі італьянскі гуманіст і выдавец Альд Пій Мануцый.
Калі Скарына прыехаў у Італію, Мануцыю было ўжо 64 гады. Пры яго выдавецкім доме існаваў гурток інтэлектуалаў-гуманістаў, які называўся Акадэміяй. Для кожнага іншаземца, які прыбываў у Вэнэцыю, было вялікім гонарам наведаць Акадэмію Мануцыя.
Мануцый выдаваў шматтомныя выданьні грэцкіх і лацінскіх клясыкаў, у тым ліку Арыстоцеля, Арыстафана, Эўрыпіда, Сафокла, Плутарха, Герадота, Платона, Цыцэрона і іншых. Асабліва каштоўным выданьнем Мануцыя стаў збор твораў Вергілія 1501 году.
Your browser doesn’t support HTML5
Мануцый лічыцца вялікім рэфарматарам кнігадрукаваньня — яму належыць вынаходніцтва курсіву і малога фармату кніг, так званага «In octavo» (у адну восьмую ліста). Можна канстатаваць, што малы фармат сваіх выданьняў Скарына выбраў пад уплывам менавіта невялікіх кніжак Мануцыя. У гэтым сумнявацца не даводзіцца, бо беларускі першадрукар сам даў нам пацьверджаньне гэтага, пра што гаворка пойдзе ў наступных частках цыклю.
Паколькі мы дакладна ня ведаем, дзе Францішак Скарына знаходзіўся паміж 1506 і 1512 гадамі, мы ня можам напэўна сказаць, дзе ён задумаў пераклад Бібліі на нацыянальную мову. Вэнэцыя на гэтую ролю падыходзіць ідэальна. У часы Скарыны там па-італьянску выдавалі ўжо ня толькі літаратурныя творы, але і навуковыя трактаты.
Вялікі матэматык Люка Пачолі ў 1494 годзе выдаў у Вэнэцыі па-італьянску славутую энцыкляпэдыю «Сума арытмэтыкі, геамэтрыі, адносінаў і прапорцый». У прадмове да яе выбар мовы ён патлумачыў так: «Я вырашыў напісаць сваё сачыненьне на роднай мясцовай мове, каб і адукаваныя, і не адукаваныя (гэта значыць тыя, хто ня ведае лаціны — С.А.) у роўнай меры маглі атрымаць задавальненьне ад гэтых заняткаў».
У Вэнэцыі Скарына мог пазнаёміцца з сэрбскім першадрукаром Божыдарам Вукавічам, які пачаў сваю дзейнасьць на два гады пазьней за Скарыну. Вукавіч у 1520 годзе выдаў «Псалтыр з часасловам», якая прызначалася для падарожнікаў. У 1522 годзе ў Вільні Скарына выдаў аналяг гэтай кнігі Вукавіча — «Малую падарожную кніжку», што можа служыць доказам іх кантактаў у Вэнэцыі і магчымых пазьнейшых сувязяў.
У Вэнэцыі Скарына мог бачыць армянскую Біблію 1512 году і яшчэ шмат розных кніг на нацыянальных мовах. Для нас таксама важна, што менавіта ў Вэнэцыі Скарына мог пазнаёміцца з чэскай Бібліяй, якая выйшла там у 1506 годзе, і, паводле сучасных навукоўцаў, стала адной з крыніц Скарынаўскага перакладу.
Але галоўная выснова такая. У выніку паездкі ў Вэнэцыю беларускі гуманіст пачаў друкаваць кнігі малым фарматам, што зрабіла іх нашмат больш таннымі і даступнымі для простых беларусаў — яны лёгка зьмяшчаліся ў кішэні тагачаснага адзеньня або ў невялікай дарожнай сумцы. Гэта быў чыста народны, дэмакратычны фармат.