Стаўкі па крэдытах для фізычных асобаў зьнізіліся да мінімальнага значэньня за апошнія 10 гадоў. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага банку Беларусі. Паводле рэгулятара, у чэрвені сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах склала 13,7% гадавых. Гэта мінімальнае значэньне ўзроўню працэнтнай стаўкі, пачынаючы ад сьнежня 2006 году.
У сувязі з гэтым аналітыкі фінансавага рынку чакаюць росту аб’ёмаў спажывецкага крэдытаваньня. Паводле афіцыйных зьвестак, за студзень-травень аб’ём узятых крэдытаў вырас на 17% і перавысіў 2 мільярды рублёў.
«Ад лютага гэтага году даходы насельніцтва і ў намінальным, і ў рэальным выражэньні растуць; адпаведна, магчымасьці браць крэдыты падвышаюцца, — сказаў у камэнтары старэйшы аналітык форэкс-брокера „Альпары“ Вадзім Іосуб. — Рост спажывецкага крэдытаваньня працягнецца, пакуль ня будуць ахопленыя ўсе платаздольныя катэгорыі пазычальнікаў».
Як сьведчаць дадзеныя Нацбанку, цягам 2016-2017 гадоў назіраецца ўстойлівае зьніжэньне ўсіх працэнтных ставак на фінансавым рынку, у тым ліку па крэдытах для насельніцтва. Толькі ў 2016-м працэнтныя стаўкі тэрмінам да году зьнізіліся з 28,1% да 18,5%, а па выниках першай паловы 2017-га — да 13,7%.
Паводле інфармацыі БелаПАН, лідэрамі на рынку спажывецкага крэдытаваньня выступаюць тры банкі — «Пріорбанк», «Беларусбанк» і «МТБанк». На іх долю прыпадае больш за 40% крэдытаў, выдадзеных на спажывецкія патрэбы.