У склад дэлегацыі ўвайшлі пяць прадстаўнікоў Нямеччыны, Латвіі, Літвы і Польшчы, якія прадстаўляюць чатыры палітычныя групы Эўрапарлямэнту.
Як паведамілі ў прэсавай службе прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, дэлегацыя сустрэнецца з чальцамі ўраду і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, а таксама з актывістамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
У сваю чаргу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі ўдакладнілі, што заяўленая мэта візыту — правядзеньне сустрэчаў з ключавымі суразмоўцамі для больш глыбокага разуменьня палітычнай, эканамічнай, культурнай і сацыяльнай сытуацыі ў Беларусі.
Як нагадвае БелаПАН, польскі парлямэнтар Богдан Здраеўскі ад кастрычніка 2014 году ўзначальвае ў Эўрапарлямэнце дэлегацыю па сувязях зь Беларусьсю. Доўгі час афіцыйны Менск не кантактаваў зь яе прадстаўнікамі, хоць група існуе 13 гадоў. Першы кантакт адбыўся на пачатку 2014 году, калі намесьніца міністра замежнапалітычнага ведамства Алена Купчына сустрэлася зь Філіпам Качмарэкам, папярэднікам Здраеўскага.
У чэрвені 2015-га дэлегацыя Эўрапарлямэнту наведала Беларусь, эўрадэпутаты сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады і апазыцыі. Сёлета Богдан Здраеўскі адрэагаваў на масавыя затрыманьні ўдзельнікаў мірных пратэстаў, заклікаўшы ўлады вызваліць затрыманых. На яго перакананьне, намаганьні Менску і Брусэлю наладзіць двухбаковы дыялёг могуць быць падарваныя неадэкватнай рэакцыяй на дэманстрацыі.
У красавіку сёлета на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры адбылася дыскусія, падчас якой адзначалася пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Здраеўскі тады заявіў: шлях, якім ідуць беларускія ўлады, можа прывесьці да аднаўленьня санкцый.
Апроч Богдана Здраеўскага, які зьяўляецца чальцом «Эўрапейскай народнай партыі», у складзе дэлегацыі сацыял-дэмакрат Андрэй Мамыкін і прадстаўніца «зялёных» Тацяна Жданок з Латвіі, сябра партыі «Эўрапейскія кансэрватары і рэфарматары» Вальдэмар Тамашэўскі зь Літвы і аднапартыец Здраеўскага зь Нямеччыны Міхаэль Ґалер.
Сёньня адбудзецца сустрэча эўрадэпутатаў з кіраўнікамі апазыцыйных партый і рухаў.
Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька напярэдадні сказаў Свабодзе, што ў шэрагу эўрадэпутатаў ёсьць прыхільнікі «русского мира», таму дыскусія абяцае быць нэрвовай:
«У дэлегацыі ёсьць новыя твары. Напрыклад, спадарыня Жданок, якая мае рэпутацыю сьпікера «русского мира» ў Эўрапарлямэнце. Яна з Латвіі і вельмі блізкая да Расеі і афіцыйнага Крамля. Раней яна не прыяжджала ў Менск. Ёсьць яшчэ прадстаўнік польскай меншасьці Літвы Тамашэўскі, які таксама вядомы стрыманасьцю ў дачыненьні беларускіх уладаў, недзе нават з сымпатыямі і нэўтралітэтам. Што да спадара Здраеўскага, сябра Эўрапейскай народнай партыі, то мы зь ім у сталай камунікацыі і добра, што ён ачольвае гэтую дэлегацыю. Прадстаўнікі Латвіі вядомыя сваёй нерадыкальнасьцью што да Беларусі і яе ўладаў.
Зыходзячы з таго, як згаданыя эўрадэпутаты галасавалі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Анатоль Лябедзька не чакае ад Тацяны Жданок, Вальдэмара Тамашэўскага і сацыял-дэмакратаў агучваньня «прынцыповай, каштоўнаснай пазыцыі».