За першае паўгодзьдзе 2017 году валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся на 1% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2016-га.
Беларускія ўлады прагназуюць гадавы рост ВУП 1,7%. Міністар эканомікі Уладзімер Зіноўскі верыць, што інфляцыю можна зьнізіць да гадавых 5% супраць прагназаваных 9%.
Міжнародныя структуры прагназуюць падзеньне эканомікі за 2017 год: Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — на 0,5%, МВФ — на 0,8%, Усясьветны банк — на 1%.
Эканамісты, да якіх зьвярнулася Свабода, не чакаюць, што эканоміка Беларусі рэзка «лясьнецца» ў другім паўгодзьдзі. Але адзначаюць, што ў ёй застаюцца старыя праблемы.
Заіка: адбываецца аднаўленчы рост без рэформаў
«Міжнародныя арганізацыі памыліліся чарговы раз, — кажа Свабодзе Леанід Заіка. — Разам з Раманчуком я даваў прагноз на 2017 год, асабіста я прагназаваў станоўчы прырост у межах аднаго адсотка або крыху вышэйшы. Гэта чыста непрафэсійны падыход людзей, якія сядзяць і атрымліваюць заробак у некалькі тысяч даляраў. Кропка.
Тып росту, што цяпер адбываецца, гэта проста аднаўленчы рост бяз новых інвэстыцыяў, без рэструктурызацыі маёмасьці, без стварэньня новых працоўных месцаў паводле новых тэхналёгіяў. Плюс на замежных рынках крыху падняліся цэны, наш экспарт павялічыўся на 19%.
Усе гэтыя прагнозы рабіліся на пустым месцы, высмоктвалі праблемы з пальца. Газавага ці нафтавага канфлікту не было, проста Крэмль на пару тыдняў задумаўся, прыбраць Лукашэнку ці не прыбраць з пасады прэзыдэнта. Вырашылі пачакаць».
Чалы: рост на 1% — лухта, а ў наступным годзе будзе цяжэй паказваць рост
«Прагнозы старыя папраўдзе, іх павольна абнаўляюць, — тлумачыць Сяргей Чалы. — Яшчэ прыкладна апошні месяц мінулага году асаблівага аптымізму не даваў, мала хто верыў, што будзе такі ўдалы ў пляне экспарту год. Гэта пазытыўны сюрпрыз прыкладна лютага-сакавіка. Калі ўважліва глядзець, шмат якія арганізацыі пераглядаюць свае прагнозы, некаторыя нават з адмоўнага боку ў дадатны пераводзілі, кшталту „Сбербанку“ ці Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.
Але чаму гэта расьце? Расьце вонкавы сэктар, усярэдзіне нічога не адбываецца. Гэта добра відаць са статыстыкі раздробнага таваразвароту. У асноўным гэта рэчы, што ад нас не залежаць. Больш за палову прыросту экспарту — гэта Расея.
Я думаю, што прагноз уладаў на гэты год будзе выкананы, плюс-мінус статыстычная хібнасьць. Сёлета эканоміка паказвае рост, але значна цяжэй будзе ў наступным годзе. Два гады ішло падзеньне, на гэтым фоне той адзін адсотак росту — гэта лухта. Плюс, вядома, ня спад. Але асноўны сэнс у тым, што ў параўнаньні з гадамі падзеньня паказаць плюс адзін-паўтара адсотка росту нескладана, а паказаць рост налета ў параўнаньні з гэтым годам будзе цяжэй».