Дэлегацыя Эўрапарлямэнту сустрэнецца ў Менску з уладай і апазыцыяй

Ілюстрацыйнае фота. Будынак Эўрапейскага парлямэнту

З рабочым візытам Менск наведае дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту па сувязях зь Беларусьсю. Пра гэта паведаміла прэсавая служба прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

У складзе дэлегацыі будзе пяць дэпутатаў ад Польшчы, Літвы, Латвіі і Нямеччыны, якія ўваходзяць у асноўныя палітычныя групы ў Эўрапарлямэнце. Кіраўнік — польскі дэпутат Богдан Здраеўскі, ён адказвае ў Эўрапарлямэнце за сувязі зь Беларусьсю.

18-19 ліпеня ў эўрадэпутатаў заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага ўраду і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Мяркуецца, што будуць абмеркаваныя ключавыя пытаньні двухбаковых дачыненьняў Эўразьвязу і Беларусі і ліквідацыя перашкодаў на шляху да больш шчыльнага супрацоўніцтва.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі, дэлегацыя таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, каб даведацца аб праблемах у іхнай дзейнасьці.