Улады Кітаю цэнзуруюць сумныя эмодзі пасьля сьмерці нобэлеўскага ляўрэата Лю Сяобо

Карыстальнікі кітайскіх мэсэнджэраў і сацыяльных сетак паведамілі, што ня могуць адправіць паведамленьне са словамі спачуваньняў і нават з эмодзі са сьвечкай, якія прынята адпраўляць як знак спачуваньня.

Рэжым цэнзуры ўлады ўвялі пасьля сьмерці ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.

Акрамя эмодзі-сьвечкі, немагчыма адправіць паведамленьне са словам RIP, «Нобэль» і выраз памерлага ляўрэата «у мяне няма ворагаў». Таксама не працуе пошук па гэтых словах і па імені нябожчыка. Таксама немагчыма знайсьці эсэ, якое Лю Сяобо напісаў для свайго выступу ў судзе ў 2009 годзе.

Пры спробе пошуку па гэтых выразах сэрвіс Weibo выдае фразу «Згодна зь дзеючым законам і правілах, вынікі пошуку ня могуць быць паказаны».

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лю Сяобо памёр ад раку напярэдадні, 13 ліпеня. У 2009 годзе яго прысудзілі да 11 гадоў турмы за стварэньне «Хартыі-08», якая заклікае да павагі да правоў чалавека ў Кітаі. Калі вязьню дыягнаставалі рак, улады адмовіліся выпусьціць яго з турмы. Дысыдэнт выйшаў на свабоду толькі за некалькі дзён да сьмерці, 26 чэрвеня.