У Парыжы праходзяць урачыстасьці з нагоды Дня ўзяцьця Бастыліі

Архіўнае фота

Дзень узяцьця Бастыліі — галоўнае нацыянальнага сьвята. У вайсковым парадзе з нагоды сьвята прынялі ўдзел больш за тры з паловай тысяч вайскоўцаў.

Сёлета адзначаецца таксама стогадовая гадавіна ўступленьня ЗША ў Першую сусьветную вайну, таму па Елісейскіх палях прайшлі і амэрыканскія пяхотнікі і маракі. Акрамя таго, амэрыканскія вайсковыя самалёты былі задзейнічаны ў паветранай частцы параду.

Напярэдадні урачыстасьцяў з нагоды Дня ўзяцьця Бастыліі ў Парыж прыбыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. У той жа дзень ён сустрэўся з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Пасьля перамоваў Трамп напісаў у сваім твітэры, што дружба паміж амэрыканскім і францускім народамі непарушная.

Увечары на Марсавым поле пройдзе канцэрт клясычнай музыкі. Нацыянальны аркестар Францыі выступіць пад кіраваньнем расейскага дырыжора Валерыя Гергіева.

Імя Гергіева ня раз у апошнія гады згадвалася ў прэсе ў сувязі з падзеямі вакол Крыму і ў Сырыі. Валеры Гергіеў вядомы сваёй падтрымкай палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Грамадзкасьць Нямеччыны ў 2014 годзе выступала супраць прызначэньня Гергіева кіраўніком філярманічнага аркестру Мюнхену ў сувязі з падтрымкай дырыжорам анэксіі Крыму. У 2016 годзе Гергіеў са сваім аркестрам з Марыінскага тэатру Санкт-Пецярбургу выступаў у сырыйскай Пальміры на месцы масавага пакараньня людзей сьмерцю. Гэта таксам выклікала крытыку ў міжнароднай прэсе.

У Парыжы прынятыя ўзмоцненыя меры бясьпекі. Задзейнічаныя тысячы паліцыянтаў і жандараў, амэрыканская выведка і непасрэдна ахова Трампа. Роўна год таму ў Ніцы адбыўся тэракт. Тады загінулі 86 чалавек. Улады лічаць, што рызыка тэрарыстычнай пагрозы па-ранейшаму высокая.