Рада па архітэктуры і горадабудаўніцтве пры Магілёўскім гарвыканкаме ўхваліла ўсталяваньне бюста першаму кіраўніку савецкай Беларусі Зьмітру Жылуновічу (літаратурны псэўданім —Цішка Гартны).
Таксама яна рэкамэндавала паставіць грамадзкаму дзеячу і літаратару помнік у поўны рост у цэнтры Магілёва.
На пасяджэньні Рады першы намесьнік старшыні БСДП «Грамада» Ігар Барысаў прэзэнтаваў канцэпцыю бюста Цішкі Гартнага, а таксама магчымыя месцы яго ўсталяваньня.
Летась тапанімічная камісія гарвыканкаму падтрымала прапанову Ігара Барысава ўсталяваць бюст у мікрараёне Казіміраўка httpl на вуліцы імя Цішкі Гартнага.
Паводле актывіста, рада падтрымала пастанову тапанімічнай камісіі, але агучыла сваю рэкамэндацыю.
«Рэкамэндавала ўсталяваць помнік у поўны рост Зьмітру Жылуновічу на бульвары Леніна. Было адзначана, што ў 2019 годзе заплянаваная рэканструкцыя бульвару. Прагучалі меркаваньні, што помнікі такім асобам, як Жылуновіч, павінны стаяць у цэнтры гораду», — сказаў Ігар Барысаў пасьля пасяджэньня рады.
«Калі тое, пра што гаварылася на горадабудаўнічай радзе і тапанімічнай камісіі, ажыцьцявіцца, то Магілёў пачне мяняць сваё аблічча. Зьявяцца помнікі нацыянальным героям, — кажа партыец. — Наш абавязак — увекавечыць помнікам Зьмітра Жылуновіча, які паклаў жыцьцё дзеля Беларусі».
Сродкі на бюст Жылуновіча, кажа Барысаў, будуць зьбіраць талакою.
Вуліца імя Цішкі Гартнага ў Магілёве — на ўскрайку мікрараёну Казіміраўка. Бульвар Леніна — насупраць аднайменнай плошчы і аблвыканкаму.
Непадалёк ад магілёўскай варʼятні ў Пячэрскім лесапарку ў 1989 годзе актывісты «Мартыралёгу Беларусі» паставілі Жылуновічу памятны знак. Гэтая мясьціна лічыцца сымбалічным месцам пахаваньня грамадзкага дзеяча і літаратара.
У кастрычніку 1918 году беларускага пісьменьніка прынялі ў камуністычную партыю (бальшавікоў). 1 студзеня 1919 году ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі, які кантраляваўся расейскімі бальшавікамі. У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з партыі з фармулёўкай «за сувязь з <...> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». У 1936 годзе яго арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым і зьмясьцілі ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню. У ёй Жылуновіч таямніча загінуў. Існуюць вэрсіі самагубства і забойства.