Пачатак ТУТ
У абласным судзе, у якім судзяць начальства, толькі двое не прызналі віны. Ня бралі і не давалі. Астатнія ўсе «супрацоўнічаюць са сьледзтвам» і прызнаюць часткова, фрагмэнтарна, з агаворкамі — бралі і давалі.
Наколькі ж трэба ня верыць у свой народ, каб паверыць ва ўсё гэта. У тое, што працаваць на мытню адбіраюць адмыслова нячыстых на руку патэнцыйных хабарнікаў, схільных да групавых злачынных схем. У тое, што ўсе 58 чалавек падсудных — з вышэйшай адукацыяй, сямейныя, вайсковае выпраўкі, пад прысягай, на адэкватным заробку — бралі нейкія левыя даляры за тое, што не рабілі нічога, што выходзіла б за іхныя службовыя абавязкі.
Я разумею, што мытная начальніца Марына Адамаўна Мароз атрымала ад КДБ прапанову — сказаць на тых, тых і тых, што яна ім давала і яны бралі. За што? Гэтага суд не высьвятляе. Спыніліся на бесьперашкодным пропуску ці выпуску машын з кветкавай прадукцыяй, хоць маглі б гаварыць пра сьмятану, сьвежую рыбу ці іншы «скарапорт», які, як і кветкі, паводле закону афармляецца без чаргі.
Марына Адамаўна доўга ўпарціцца, яна ж сумленны чалавек. Але і ў сьледчага на ейную сумленнасьць знаходзяцца аргумэнты. Ок, — кажа Марына Адамаўна, — пішыце што хочаце. А хочуць яны арганізаванай злачыннай групы з удзелам Марыны Адамаўны і каб яна «ўцягнула» ў гэтую групу цэлую кучу народу, шараговых інспэктараў, у тым ліку і Алеся Юркойця, які ніколі і ні за што з гэтымі людзьмі групавацца б ня стаў, бо ўвесь вольны час прысьвячаў беларускаму асьветніцтву.
Суду важнае тое, што сьледчыя КДБ вывудзілі з «прызнантаў». А тыя, хто адмаўляе сваю віну… Да іх нават не прыглядаюцца. «Ворагі народа».
Тыя ж, што агаварыліся і агаварылі, зараз з падачы адвакатаў пачынаюць таргавацца за сумы і тэрміны, і пракурор будзе сачыць, хто колькі «вярнуў» і каму трэба тэрмін скасьціць… А тыя, хто зусім ні пры чым, мусяць удзельнічаць у гэтай гульні — я тую машыну даглядаў з поўнай выгрузкай прадукцыі, а значыць, за яе ня мог плаціцца хабар…
У законах РБ ёсьць пункт пра прэзумпцыю невінаватасьці, дзе абвінавачаны ня мусіць даказваць сваю невінаватасьць. Гэта мусіць рабіць суд. Але калі большасьць начальнікаў у сьледчага КДБ прызналі віну, значыць і ўсё, што ідзе ад іх, у тым ліку на падначаленых — праўда. І ніякіх іншых доказаў не патрабуецца.
Каб зразумець і адчуць усю заганнасьць гэтай сыстэмы, давайце, шаноўны чытач, пракруцім яе на сабе.
Што б вы рабілі, калі б вам інкрымінавалі хабар? Вы б сказалі: ня браў і не даваў, бо сапраўды ня бралі і не давалі. І сьледчы кажа, я ведаю, што ня бралі і не давалі, але сытуацыя такая, што калі вы прызнаеце, што бралі ад А. і давалі Б., якія ўжо паказалі на вас, будзе лічыцца, што вы супрацоўнічаеце са сьледзтвам і вам дадуць ня 10 гадоў турмы, а ўсяго толькі 5. А калі вы пакажаце яшчэ і на В. і Г., магчыма, ваш адвакат даможацца, каб далі толькі 3. А калі вы яшчэ і вернеце дзяржаве тое, чаго ня бралі і не давалі, тады, магчыма, вас выпусьцяць проста ў залі суду.
— Стоп! — кажаце вы. — Што за лухта? Я сумленны чалавек і ніколі хабараў ня браў і не даваў. Дзе факты?
— На вас паказалі А. і Б. Гэтага дастаткова. Вось пратаколы іхных допытаў.
Сьледчы паказвае паперы, дзе сапраўды надрукаваныя паказаньні А. і Б. і стаяць «іхныя» подпісы: «З маіх словаў запісана верна».
Сьледчы хлусіць, бо рэальная карціна выглядае так. Ніякія А. і Б. на вас не паказвалі. Пакуль што. Пратаколы склаў сьледчы. У ягоным партфэлі ёсьць і пратакол вашых паказаньняў на іх. Гэты пратакол сьледчы пакажа А. і Б. Яны, як і вы, затрыманыя і знаходзяцца ў турме. А пакуль ён кладзе гэты пратакол вашых паказаньняў перад вамі і кажа:
— Сьледзтва ў вашай справе будзе цягнуцца два гады, яшчэ год будзе цягнуцца суд. Разам тры гады вашага жыцьця. Калі вы падпішаце гэты пратакол, я выпушчу вас пад хатні арышт і вы зможаце жыць на волі і нават працаваць, зарабляць на сям’ю. Калі не падпішаце, усе гэтыя тры гады будзеце сядзець у турме.
— Але гэта абсурд! Я нічога ня браў і не даваў!
— Ведаю, ведаю. Але вы падумайце, выбар у вас невялікі.
Пачынаюцца дні, тыдні, месяцы ў турэмнай камэры. Адвакат намаўляе пагадзіцца і выйсьці на волю. Галоўнае, кажа ён, абмеркаваць суму хабару, бо ад гэтага залежыць тэрмін, на які вас пасадзяць. Ці гэта будзе асабліва буйны памер ці не. Вам трэба настойваць, што вы атрымалі не 12 тысяч, як сказана ў абвінавачаньні, а сем. Ад гэтага залежыць і тое, колькі вам давядзецца выплаціць дзяржаве. Ясна, што сем тысяч знайсьці будзе лягчэй, чым 12.
— Але я нічога ня браў і не даваў!
— Ведаю, ведаю, — кажа адвакат. — Але і вы зразумейце, у якой краіне мы жывем. Калі на вас паказалі А. і Б., суд ня будзе разьбірацца, а прыме гэта за чыстую манэту. Таму наша задача цяпер зьменшыць тэрмін і суму кампэнсацыі.
Мінаюць два гады ў турме. Спачатку вы сядзіце ў Амэрыканцы, пасьля вас пераводзяць на Валадарку. Закон літасьціва дазваляе вам «ня сьведчыць супраць сябе». Час цячэ ў філязофскіх роздумах — адкуль усё гэта бярэцца на пустым месцы? Каб канчаткова не звар’яцець, вам застаецца трымацца рэальнасьці, бо ў рэальнасьці ніякага хабару вы ня бралі і не давалі, гэта супярэчыць вашаму выхаваньню, вашым правілам жыцьця, вашай чалавечай прыродзе.
Пачынаецца суд. Вас трымаюць у клетцы. Абвінавачаныя А. і Б. прыходзяць з волі, гэта значыць, што яны ўсё ж падпісалі тыя пратаколы з паказаньнямі на вас.
Пракурор зачытвае абвінавачаньне вам — тады і тады вы атрымалі столькі і столькі, а тады і тады — столькі і столькі.
— Я ніякіх грошай ня браў і не даваў, — кажаце вы.
— Ведаю, ведаю, — кажа пракурор. — Але ў абвінавачаньні сказана, што бралі і давалі. Чаму я павінен верыць вам, а ня сьледчаму? Яму то які рэзон вас вінаваціць безь віны? Зразумела, што вы будзеце ўсё адмаўляць, каб уратаваць сваю шкуру.
Даюць паказаньні А. і Б. Яны блытаюцца, шмат чаго «ня помняць», але ў цэлым паўтараюць пра вас тое, што было ў пратаколах: што вы бралі і давалі.
— Важна даказаць, што гэта было толькі адзін раз, — кажа адвакат. — Ад гэтага залежыць тэрмін.
— Я нічога ня браў і не даваў, — кажаце вы.
— Ведаю, ведаю, — кажа судзьдзя. — Але, працуючы разам з А. і Б., вы былі ўцягнутыя ў арганізаваную злачынную групу, якую стварылі В. і Г. Яны ўсе прызналі сваю віну. У сувязі з артыкуламі такім і такім вашае злачынства кваліфікуецца як асабліва цяжкае, таму суд вынес пастанову: 12 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Вы можаце абскардзіць прысуд у вышэйшай інстанцыі…
Гісторыя Алеся Юркойця ў цяперашняй беларускай рэчаіснасьці выглядае цалкам унівэрсальна. І «вы» ў ёй — гэта проста ўсе, у тым ліку і вы, шаноўны чытач. Вы думаеце, што з вамі нічога такога здарыцца ня можа? Юркойцеў суд сьведчыць, што можа, прычым з кожным. І з вамі таксама. Ня трэба браць ці даваць хабар, каб за хабар апынуцца за кратамі. Больш за тое, у вас болей шанцаў апынуцца там, калі вы ня бралі і не давалі. У сталінскія часы такіх сумленных прымалі за сацыяльна чужых. Бо насамрэч, які дурань адмовіцца ад лёгкіх грошай? Выглядае, што так думаюць і сьледчы КДБ, і пракурор, і судзьдзя, і адвакат. Для іх гэта ясна як белы дзень. Грошы ня могуць не прыліпаць да рук.
Існуюць два тлумачэньні, чаму ў багіні правасудзьдзя Фэміды завязаныя вочы. Старажытныя грэкі лічылі павязку знакам бесстароннасьці. У сучасным сьвеце гэтую сьлепату зьвязваюць зь нежаданьнем суду бачыць відавочныя факты або іх адсутнасьць.
Скажу зараз страшную рэч. У краіне, дзе карупцыя манапалізаваная дзяржавай, хабар трэба браць і даваць. Сама дзяржава падказвае нам гэта. Будзе, прынамсі, за што сядзець.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.